Беларуская Служба

Пуцінская газавая вайна з Еўропай прымусіць еўрапейцаў эканоміць, але Газпром можа збанкрутаваць

28.04.2022 14:43
Еўропа раней ці пазней з гэтымі праблемамі справіцца, але што станецца з Газпромам без магчымасці прадаваць сыравіну ў Еўропу?
.
.Magnascan/pixabay.com/CC0 Public Domain

Усе польскія СМІ шырока займаюцца тэмай газавага шантажу Расіі, якая перакрала пастаўкі газу ў Польшчу і Балгарыю. Гэтыя дзяржавы адмовіліся плаціць за блакітнае паліва ў рублях – нагадвае Gazeta Wyborcza.

Расія яшчэ раней пагражала перастаць пастаўляць газ краінам, якія лічацца несяброўскім, калі тыя не заплацяць за яго ў рублях. Такім чынам Газпром у аднабаковым парадку парывае кантракты, у якіх прапісана аплата ў еўра або доларах. Польскія ўлады будуць патрабаваць кампенсацыю.

Калі стала вядома пра затрымку паставак у Польшчу і Балгарыю, газ на біржы ў Галандыі рэзка падаражэў, але пазней цана панізілася амаль да ўзроўню аўторку. Сітуацыю крыху супакоіла заява старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Лаен, якая сказала, што еўрапейцы могуць давяраць установам Еўрасаюзу, што яны выказваюць поўную салідарнасць з тымі дзяржавамі-членамі, якія аказаліся ахвярамі расійскага шантажу.

Цяпер не толькі Польшча, якая даўно казала пра неабходнасць незалежнасці ад расійскай сыравіны, але таксама іншыя дзяржавы разумеюць важнасць такога кроку. Пра гэта заявіў, між іншым, прэм’ер-міністр Чэхіі, якая ў 100% залежыць ад расійскага газу. ЗША вуснамі прадстаўніцы Белага дому Джэн Псакі абяцалі, што падзеляцца сваім звадкаваным газам з еўрапейцамі.

Ці Пуцін абмяжуецца ў сваёй газавай вайне толькі да Польшчы і Балгарыі? Хай адразу перакрые пастаўкі ўсім краінам Еўропы – піша каментатар выдання. Канешне, для ЕС гэта будзе праблема. Расійскі газ пакрывае каля адной трэцяй запатрабаванасці Еўропы ў гэтай сыравіне. Магчыма, прыйдзецца падоўжыць працу некаторых вугальных шахтаў, вышэйшымі рахункамі прымусіць людзей эканоміць газ, а часам нават увесці ліміты на выкарыстанне сыравіны. Гэта вайна.

Аднак Еўропа раней ці пазней з гэтымі праблемамі справіцца, але што станецца з Газпромам без магчымасці прадаваць сыравіну ў Еўропу? Кампанія прадае адну траціну здабытай сыравіны ў ЕС, але атрымлівае за гэта аж тры чацвёртыя ўсяго даходу. Акрамя таго, часам немагчыма неадкладна перастаць газаздабычу, каб пры гэтым поўнасцю не знішчыць газавае радовішча. Так што, стрымліваючы пастаўкі паліва ў Еўропу, Газпром рызыкуе, што знішчыць частку радовішчаў.

нг