Улады польскіх гарадоў плануюць павышэнне арэнднай платы, платы за паркоўку, вываз смецця і карыстанне грамадскім транспартам. Прычына – павышэнне цэнаў, якое таксама ўплывае на мясцовыя бюджэты, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Паводле выдання, мясцовыя ўлады ў жаху ад росту коштаў, у тым ліку на электраэнергію.
Паводле апытання, праведзенага сярод 68 гарадоў-членаў Асацыяцыі гарадоў Польшчы, павышэнне коштаў на электраэнергію для гарадскіх бюджэтаў і муніцыпальнага сектара складзе – у залежнасці ад памеру горада – ад некалькіх да некалькіх дзясяткаў мільёнаў злотых у год. У маштабах усёй краіны гэта больш за 5 мільярдаў злотых (каля 1 мільярда 80 тысяч еўра), паведамляе штодзёнка.
Таму мясцовыя ўлады ўсё часцей прымаюць рашэнне аб павышэнні аплатаў за асноўныя паслугі. Напрыклад, Варшаўскія гарсавет некалькі дзён таму вырашыў, што з сярэдзіны жніўня тарыфы за паркоўку ў платнай зоне вырастуць на 15 працэнтаў. Адначасова прадстаўнікі гарадскіх уладаў запэўніваюць, што на дадзены момант не плануюцца павышэнні аплатаў за транспарт і вываз смецця.
У Любліне з-за значнага росту коштаў на электраэнергію і паліва цэны білетаў на праезд грамадскім транспартам вырастуць на 10 працэнтаў. Паводле тамтэйшых уладаў, гэта павінна часткова кампенсаваць павышаныя выдаткі на функцыянаванне грамадскага транспарту. Змены ўступяць у сілу з 1 ліпеня гэтага года.
У сваю чаргу ў Кракаве, з 1 ліпеня на 4 злотыя павялічыцца месячная стаўка за вываз сартаванага смецця, складаючы 27 злотых (амаль 6 еўра) на чалавека ў месяц, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
аз