Беларуская Служба

«Цяперашні крызіс – гэта шанец змяніць архітэктуру газавых кантрактаў»

13.07.2022 10:30
Пераконвае прафесар Жэшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта, старшыня Інстытута энергетычнай палітыкі Марыюш Рушэль.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo:Magnascan/pixabay.com/CC0 Public Domain

«Перш за ўсё, варта задумацца, ці не з'яўляецца цяперашняя сітуацыя выдатнай магчымасцю змяніць архітэктуру газавых кантрактаў. Каб пастаўкі з «Газпрама» замянілі пастаўкі з іншых кірункаў – Нарвегіі ці Алжыра. Тым больш, што яшчэ да вайны не ўсе тэрміналы звадкаванага газу ў краінах ЕС выкарыстоўваліся на 100 працэнтаў. Акрамя таго, у нас ёсць газаправоды, у якіх яшчэ ёсць свабодныя, незадзейнічаныя магутнасці – у тым ліку Europipe II або Greenstream», – кажа ў размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna старшыня Інстытута энергетычнай палітыкі імя Лукасевіча Марыюш Рушэль.

Паводле яго, варта таксама прааналізаваць магчымасці павышэння эфектыўнасці выкарыстання сыравіны асобнымі краінамі. Таксама можна чакаць павелічэння выкарыстання вугалю. Паводле эксперта, палякі не павінны асцерагацца недахопаў газу.

«Мы (Польшча- рэд.) выкарыстоўваем каля 20 мільярдаў кубаметраў. Мы пашырылі магутнасць тэрміналу да 6,2 мільярда кубаметраў, у канчатковым выніку можам павялічыць яе да 10 мільярдаў кубаметраў. Маем уласную здабычу на ўзроўні каля 4 мільярдаў кубаметраў і дамову на магутнасць тэрмінала ў Літве на амаль 2 мільярдаў кубаметраў; заканчваем будаўніцтва Baltic Pipe(…) Камбінацыя паставак з гэтых розных крыніц дае нам больш за 10 мільярдаў кубаметраў. Нагадаем, што ў нас заключаны кантракты на пастаўкі з Катара і ЗША. Таксама ў нас інтэрканектары і газасховішчы на 3 мільярды кубаметраў. Такім чынам, мы павінны справіцца з гэтай зімой. Грамадзяне не павінны хвалявацца. Аднак, гэта таксама добры момант, каб сказаць, што ўнутраную вытворчасць трэба павялічваць. Апошнія планы, што мы будзем спажываць больш за 30 мільярдаў кубаметраў газу ў год патрабуюць перавызначэння», – кажа старшыня Інстытута энергетычнай палітыкі імя Лукасевіча Марыюш Рушэль у размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna.

аз