Журналісты выдання Forbes падлічылі, колькі паліва можа купіць настаўнік на гадавы заробак у розных краінах свету. Нямецкія работнікі адукацыі маглі б заправіць паліва, каб абляцець Зямлю 13 разоў. Польскаму настаўніку хапіла б 13 разоў аб’ехаць межы Еўрасаюза.
Эксперты перавялі гадавыя заробкі ў адукацыі ў долары з улікам пакупніцкай здольнасці грошай у кожнай з гэтых краін. Падрыхтаваны спіс датычыцца настаўнікаў розных узроўняў адукацыі і розных этапаў іх кар'еры. Заробкі настаўнікаў пачатковых класаў, якія пачынаюць сваю карʼеру ў Польшчы, займаюць чацвёртае месца знізу ў рэйтынгу, які ахоплівае 39 краін, і складаюць 18 890 долараў у год. Менш зарабляюць толькі маладыя настаўнікі ў Славакіі – 16 757 долараў у год, у Венгрыі – 15 813 долараў і ў Латвіі – 15 933 долараў.
У сярэднім выкладчыкі пачатковай адукацыі атрымліваюць у ЕС – $35 220. Такім чынам, заробак польскага настаўніка амаль у два разы ніжэйшы за сярэдні ў Еўрасаюзе.
Люксембург зʼяўляецца лідарам сярод краін, якія лепш за ўсё плоцяць настаўнікам. Гадавы заробак работнікаў адукацыі вагаецца ад 69 425 долараў для настаўнікаў-пачаткоўцаў да 122 650 долараў на піку іх карʼеры. Германія займае другое месца з заробкамі ад 65 475 да 86 171 долараў у год. Замыкае пʼедэстал гонару Швейцарыя з гадавым даходам ад 59 642 да 90 838 долараў.
Паводле статыстыкі, у 2021 годзе ў Польшчы ў пачатковых школах выкладалі амаль 255,5 тысячы чалавек. На працягу многіх гадоў гэтую прафесію выбіраюць пераважна жанчыны. Яны складаюць амаль 83 працэнты ад усіх педагогаў у пачатковых школах.
вх