Дзеці вярнуліся ў школы, але турыстычны сезон зусім не збіраецца заканчвацца. Уладальнікі гатэляў і пансіянатаў чакаюць гасцей таксама ў верасні – піша Rzeczpospolita. Яны кажуць, што не спадзяваліся такога буму.
Сёлета ў верасні турысты забраніравалі на 40% больш месцаў у гатэлях, чым летась. Верасень – такі ж папулярны месяц сярод турыстаў, як і чэрвень. Людзі падарожнічаюць як па Польшчы, так і за мяжу. Гэта, канешне, пераважна тыя, каго не абмяжоўваюць летнія канікулы дзяцей-школьнікаў. Праўда, цана туру ў верасні ў сярэднім на 500 злотых большая, чым была ў чэрвені. Але і так значна танней, чым у разгар сезону. Тур на восем дзён у трохзорачным гатэлі ў Балгарыі або Турцыі знойдзем ужо за 1000-1200 злотых ($212-255). На гатэль з пяццю зорачкамі трэба рыхтаваць на адну тысячу больш. Гэта і так няшмат, паколькі ў жніўні такі адпачынак каштаваў як мінімум 3 тыс злотых.
Прадстаўнікі гатэльнага бізнесу адзначаюць, што некаторыя кліенты прыязджаюць да іх, каб спалучыць адпачынак з працай дзякуючы магчымасці працаваць дыстанцыйна.
нг