Беларуская Служба

Узровень жыцця ўкраінцаў у Польшчы расце

07.11.2022 05:13
«Украінец – гэта каштоўны працаўнік для польскага прадпрымальніка, а таксама прывабны спажывец для польскай эканомікі».
.
Крама. Ілюстрацыйны здымакigorovsyannykov/pixabay.com/CC0

51,1 % украінцаў, якія пражываюць у Польшчы, заяўляюць, што іх узровень жыцця значна палепшыўся. Цяпер яны могуць дазволіць сабе купляць прадукты, рэчы і тавары, якія яны не маглі сабе дазволіць у сваёй краіне, вынікае з даследавання, праведзенага аналітычным цэнтрам міжнароднага агенцтва па працаўладкаванні Gremi Personal. І толькі ў 36,7% апытаных узровень жыцця не змяніўся, паведамляе партал wp.pl.

І так, паводле даследавання, узровень жыцця 51,1% украінцаў, якія жывуць у Польшчы, «значна палепшыўся». У сваю чаргу 36,7% апытаных адказалі, што не бачаць розніцы паміж сваім жыццём ва Украіне і Польшчы, а 12,2% адзначылі, што іх узровень жыцця, наадварот, пагоршыўся. Бо ва Украіне яны мелі лепшую працу і, адпаведна, лепш зараблялі.

Польшча да нападу Расіі на Украіну была краінай шырокіх магчымасцяў для сярэднестатыстычнага ўкраінца, бо яна знаходзіцца ў Еўрасаюзе і асацыюецца з дабрабытам, добрымі дарогамі, інфраструктурай і даступнасцю ўсіх тавараў і паслугаў», – кажа Ганна Джаболда з Gremi Personal, якая даследуе эканамічную міграцыю ўкраінцаў.

Паводле яе слоў, «украінец – гэта каштоўны працаўнік для польскага прадпрымальніка, а таксама прывабны спажывец для польскай эканомікі». Паводле экспертаў, цяпер большасць украінцаў шукаюць часовую працу, бо хочуць вярнуцца на радзіму.

Gremi Personal робіць выснову, што нават нягледзячы на інфляцыю палякі зарабляюць у сярэднім да трох разоў больш, чым украінцы. Цяпер мінімальны заробак у Польшчы складае 3010 злотых без выліку падаткаў і ўзносаў, а ва Украіне – 6500 грыўняў, або каля 846 злотых, паведамляе партал wp.pl.

вс