Да нядаўняга часу многія кампаніі ў Польшчы і чуць не хацелі пра электронныя рахункі-фактуры, лічбавыя архівы і электронныя формы. Цяпер яны адкрытыя для навінак, а прадпрымальнікі цягнуцца да электроннага подпісу, піша ў сераду, 30 лістапада газета Rzeczpospolita.
Польскія фірмы адыходзяць ад паперы, прынамсі ў сферы дэкларавання. Толькі летась 51% польскіх прадпрыемстваў не былі зацікаўлены ва ўкараненні так званых беспапяровых рашэнняў, але дзякуючы пандэміі працэс лічбавання прыспешыў. Паводле апошняга даследавання Canon, якое першай публікуе газета Rzeczpospolita, цяперака амаль дзве траціны гаспадарчых суб’ектаў Польшчы маюць намер зрабіць стаўку на замену традыцыйнага дакумэнтаабароту лічбавымі сэрвісамі.
У даследаванні паказваецца, што большасць кампаній маюць намер увесці электронныя формы замест папяровых дакументаў, а таксама сістэмы алічбоўкі архіваў і аўтаматызацыі рэгістрацыі рахункаў-фактур. Да гэтага часу гэтая рэвалюцыя знайшла спрыяльную глебу ў найбуйнейшых кампаніях. Даследаванні паказваюць, што чым большая юрыдычная асоба, тым менш важных дакументаў кампаніі знаходзяцца ў папяровым выглядзе, піша Rzeczpospolita.
У групе кампаній, дзе працуюць больш за 250 чалавек, вельмі важна, каб бізнес працаваў цалкам без паперы, лічаць 40% апытаных, і толькі 13% з іх лічаць гэтае пытанне няважным. Для параўнання, у групе кампаній, дзе працуюць ад 50 да 249 чалавек, гэты працэнт значна ніжэйшы - 31% і 18% адпаведна.
Усё больш прадпрымальнікаў заўважаюць, што без лічбавых рашэнняў ім будзе цяжка заваёўваць новыя рынкі або быць канкурэнтаздольнымі. Пра лічбаванне справаводства ў польскіх фірмах пісала газета Rzeczpopsolita.
эж