Беларуская Служба

«Зялёныя» ініцыятывы цяпер у Беларусі цяжка рэалізаваць з-за санкцый і рэпутацыйных рызык для інвестараў

21.11.2023 12:25
У сучасным свеце вітаецца, калі эканоміка скіраваная на «зялёныя» рэйкі. Гэта значыць, што фінансавыя інстытуцыі ўкараняюць інструменты, якія забяспечваюць захаванне экалагічных, сацыяльных і арганізацыйных прынцыпаў у працэсе прыняцця фінансавых рашэнняў. Што адбылося ў Беларусі ў гэтай сферы ва ўмовах ізаляцыі краіны?
Аўдыё
Ілюстрацыйнае фотаNew Africa/ Shutterstock

У наш час канцэпцыя «зялёнай» эканомікі стала стратэгічным прыярытэтам для ўрадаў многіх краін. Прынцыпы і асноўныя ідэі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя замацаваны на міжнародным узроўні, а выпрацоўка канкрэтных праграм і мэтавых паказчыкаў ажыццяўляецца на нацыянальных узроўнях.

Зялёны банкінг (экалагічна чысты банкінг, этычны банкінг ці ўстойлівы банкінг) – гэта дзейнасць, звязаная з павышэннем эфектыўнасці ўнутраных банкаўскіх працэсаў, выкарыстаннем фізічнай інфраструктуры і інфармацыйных тэхналогій, а таксама рэалізацыяй прафесійнай дзейнасці банка з улікам дасягненні мэт устойлівага развіцця і мінімізацыі экалагічных рызык. Дзейнасць зялёнага банка можна падзяліць на некалькі асноўных напрамкаў: 1. Дзейнасць зялёнага банка як традыцыйнай юрыдычнай асобы. 2. Дзейнасць зялёнага банка як фінансавай установы. 3. Упраўленне кліматычнымі і экалагічнымі рызыкамі.

Сярод міжнародных ініцыятыў варта вылучыць Ініцыятыву энергаэфектыўных іпатэк (Energy Efficient Mortgages Initiative); Міжнародную асацыяцыю рынкаў капіталу – гэта самарэгулюемая арганізацыя, якая фарміруе і вызначае прымяненне прынцыпаў зялёных, сацыяльных або ўстойлівых аблігацый; Прынцыпы Экватара – збор рэкамендацый па адзнацы праектнага фінансавання, кіраванню сацыяльнымі і экалагічнымі рызыкамі 126 фінансавых інстытутаў з 38 краін; Ініцыятыву па кліматычных аблігацыях, якая падтрымлівае мабілізацыю рынку аблігацый для рашэнні праблем, звязаных са зменай клімату.

У Беларусі ўлады таксама мелі намеры развіваць «зялёную» эканоміку.

Напрыклад, у Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця РБ на перыяд да 2030 г. прапаноўвалася да 2020 г. «узмацніць бюджэтна-фінансавыя і падатковыя механізмы, стымулюючыя развіццё «зялёнай эканомікі»; развіваць «зялёнае» будаўніцтва, электратранспарт…, працаваць над зніжэннем узроўню выкідаў парніковых газаў, стварэннем сістэмы кіравання экалагічнымі рызыкамі, адаптацыяй сацыяльна-эканамічнага развіцця да зменам клімату і тд. У адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця РБ на 2021-2025 гг. мяркуецца: павышэнне ўзроўню энергаэфектыўнасці ва ўсіх сектарах эканомікі; ўвядзенне ў эксплуатацыю жылля толькі ў энергаэфектыўным выкананні; распрацоўка стратэгіі кіравання воднымі рэсурсамі ва ўмовах змены клімату; распрацоўка Нацыянальнага плана дзеянняў па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці на 2021-2025 гады. У праекце Нацыянальнага плана дзеянняў па развіццю «зялёнай» эканомікі ў РБ да 2025 г. пералічаны асноўныя элементы сістэмы «зялёнага фінансавання» – гэта суб'екты (дзяржаўныя органы, «фінансуючыя арганізацыі, інвестары»), інструменты («зялёныя» аблігацыі, крэдыты, пазыкі, страхавыя і лізінгавыя прадукты») і сродкі («рэйтынгі, індэксы, методыкі, базы дадзеных»).

Аднак пасля таго, як краіна апынулася пад санкцыямі, абсалютная большасць міжнародных праектаў з шэрагу «зялёнай» эканомікі былі спыненыя.

«Гэта былі ў асноўным праекты, якія сфармаваліся паміж беларускім банкам і нейкай замежнай фінансавай кампаніяй ці замежным банкам. Цяпер гэтыя праекты амаль усе згарнуліся. Нельга сказаць, што раней гэта быў нейкі бум. Тым не менш, той жа Белінвестбанк меў канцэпцыю развіцця і пазіцыянавання сябе як «зялёнага» банка. У пэўнай ступені гэтае развіццё прадугледжвала супрацу ў розных кірунках. На сённяшні дзень, наколькі я гэта бачу, банк імкнецца нешта рабіць у такім рэчышчы, але гэта сканчаецца ўнутранымі абмеркаваннямі, крокамі на нацыянальным узроўні. На жаль, можна сказаць, што ўсе праекты, асабліва тыя, што былі з еўрапейскімі партнёрамі, на сённяшні дзень прыпыненыя, або скончыліся і працягу не атрымалі», – тлумачыць Анастасія Лузгіна, старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC.

Анастасія Лузгіна прыводзіць прыклады таго, як прынцыпы «зялёнай» эканомікі рэалізуюцца ў Польшчы. Напрыклад, для інвестыцый у «зялёнае» жытло распрацаваны спецыяльны сертыфікат «Zielony dom». Паводле гэтага праекту можна атрымаць грошы для інвестыцый у індывідуальныя і шматкватэрныя будынкі. Bank Ochrony Środowiska і BNP Paribas Polska прапануюць спецыяльныя іпатэчныя праграмы на набыццё жылля з сертыфікатам «Zielony dom». Існуюць зялёныя аблігацыі ўрада Польшчы ды іншыя інструменты.

Зялёны фінансавы рынак у Польшчы развіты нашмат лепш, кажа эксперт BEROC Анастасія Лузгіна: «У цэлым Польшча ўдзельнічае ў руху Еўрасаюза па фармаванню ўстойлівай зялёнай эканомікі. Ёсць розныя праграмы, якія дазваляюць развіваць гэтую сферу, у тым ліку заканадаўства. ...Колькі спатрэбіцца часу, каб Беларусь дасягнула сярэднееўрапейскага ўзроўню ў гэтай сферы? Складана сказаць, але цяпер гэтыя працэсы цяпер даволі вяла ідуць. Я найперш кажу пра ўстойлівыя фінансы. Пытанне, калі пачнецца старт, больш актыўнае развіццё».

Ёсць рэкамендацыі для Беларусі, як развіваць зялёныя фінансавыя механізмы:

  • Стымуляваць банкі павялічваць долю зялёных праектаў за кошт рэгулявання, падаткаў і фінансавай падтрымкі дзяржавы;
  • Распрацаваць маркіроўку зялёнай іпатэкі;
  • Арганізаваць на Беларускай валютна-фондавай біржы секцыю зялёных інструментаў пазыкі;
  • Стварыць платформу зялёнага фінансавання паводле ўзора ЕС.

На жаль, зялёныя ініцыятывы цяпер у Беларусі цяжка рэалізаваць з-за санкцый і рэпутацыйных рызык для замежных інвестараў, якія не хочуць укладаць свае сродкі ў патэнцыйна небяспечныя праекты.

вх