Беларуская Служба

Беларуская соль залівае польскі рынак

19.02.2024 12:01
Мінск павольна аднаўляе экспарт солі, карыстаючыся дзіркамі ў сістэме санкцый.
 .
Ілюстрацыйны здымак.pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскі рынак залівае соль з Беларусі. Мінск, які апынуўся ў адчайным эканамічным становішчы, шукае валюту. У сваю чаргу дзіравая сістэма санкцый падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі і б'е па айчынных вытворцах, перасцерагае старонка wnp.pl.

Сітуацыя на польскім рынку солі – у выніку павелічэння імпарту з Беларусі – стала настолькі небяспечнай, што вытворцы наўпрост заклікалі ўрад увесці санкцыі.

«З месяца ў месяц мы бачым прыток усё большай колькасці солі, асабліва выпаранай. Гэта псуе рынак, і мы не ведаем, якая насамрэч якасць гэтай солі», – кажа віцэ-старшыня Фонду «Польская соль» Анджэй Садоўскі.

Беларуская соль спачатку знікла, а цяпер зноў з’явілася і ў вялікіх колькасцях. Як гэта ўвогуле магчыма, калі найбуйнейшы беларускі вытворца солі «Беларуськалій» знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза?

Праблема ў тым, што беларускі гігант вырабляе некалькі відаў солі, сярод якіх Захад увёў санкцыі выключна на калійную соль, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці ўгнаенняў. Між тым, Беларусь надалей здабывае і экспартуе ў краіны Еўрасаюза выпарную і каменную соль, бо супраць іх ніякія санкцыі – ні еўрапейскія, ні нацыянальныя, не былі ўведзеныя. Беларуская соль ідзе ў першую чаргу на рынкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку на найбуйнейшы рынак рэгіёну – Польшчы.

Больш за тое, другім па значнасці вытворцам солі ў Беларусі пасля «Беларуськалію» зʼяўляецца кампанія «Мазырсоль», якая вытварае хларыд натрыю і пад санкцыі не падпадае. Аднак, у цяперашні час расце падазрэнне, што абедзве кампаніі супрацоўнічаюць адна з адной. Соль з «Беларуськалія» змешваецца з прадуктам з Мазыра і нарэшце трапляе на польскі рынак. Бізнес прыбытковы, бо можа складаць некалькі дзясяткаў мільёнаў злотых у год.

Хоць з-за санкцый абʼём экспарту беларускай солі ў краіны ЕС значна меншы, чым да абмежаванняў, то ён мае тэндэнцыю росту, кажуць прадстаўнікі польскай кампаніі Ciech, якая таксама вырабляе соль.

Вядучыя вытворцы солі ў Польшчы звяртаюць увагу на яшчэ адну справу. Калі б соль з Беларусі толькі часткова засталася на польскім рынку – гэта не была б яшчэ такая праблема. Але з-за транспартных выдаткаў рэнтабельная адлегласць экспарту беларускай солі складае, прыкладна, 600 кіламетраў. Гэта дастатковая прычына, каб соль з Беларусі заліла ўсю Польшчу і асноўныя замежныя рынкі збыту польскай солі, то бок краіны Балтыі, Фінляндыю і часткова Швецыю.

аз

ЗША і ЕС рыхтуюць новыя санкцыі супраць Расіі і Беларусі

15.02.2024 12:01
Абмежаванні павінны быць прынятыя да другой гадавіны ўварвання Расіі ва Украіну.