Некалькі тыдняў таму польскі Сейм падоўжыў тэрмін легалізацыі прабывання ўцекачоў з Украіны да канца верасня наступнага году – нагадвае Forsal.pl. Такім чынам, яшчэ амаль паўтара года людзі, якія прыбылі ў Польшчу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, будуць мець права атрымліваць сацыяльныя выплаты і карыстацца грамадскімі паслугамі.
Па традыцыі справа выклікала палеміку сярод правага крыла палітычнай сцэны, якое спрабавала не дапусціць, каб украінскія мужчыны прызыўнога ўзросту засталіся ў краіне. Вярнулася таксама тэма выдаткаў польскага бюджэту на апеку над бежанцамі. Групоўка «Канфедэрацыя» запатрабавала хаця б пазбавіць іх сацыяльных льгот.
«Мы хочам адмены права на фінансавыя выплаты, у тым ліку на «800 плюс» і сямейны капітал. Мы хочам адмены бясплатнага доступу да сістэмы аховы здароўя, школьных льгот і пенсійнага кантракту для ўкраінцаў. Мы не згодныя з тым, каб Украіну фінансавалі польскія падаткаплатнікі», – заявіў дэпутат Гжэгаж Плачэк (Grzegorz Płaczek) ад імя партыі, якая ўнесла адпаведную папраўку. Яго голас – не адзінкавы. У некаторых частках польскага грамадства па-ранейшаму існуе цвёрдае перакананне, што бежанцы жывуць у Польшчы за кошт мясцовых жыхароў, нічога не ўносячы са свайго боку. Аднак праз больш чым два гады пасля нападу Расіі на Украіну ёсць дастаткова дадзеных, якія паказваюць наступствы прытоку бежанцаў. На іх падставе можна пераканаўча казаць, што, наадварот, прысутнасць украінцаў прыносіць адназначную эканамічную карысць краіне. Так што гэта не толькі пытанне палітычных і этычных нормаў, але і цвёрдага эканамічнага разліку.
Пётр Вуйцік (Piotr Wójcik)
нг