Беларуская Служба

Італьянская фірма хоча ўзброіць Польшчу сучаснымі падводнымі лодкамі

24.06.2025 10:51
Праект прадугледжвае буйны трасфер тэхналогій: удзел польскіх верфяў у будаўніцтве, стварэнне сумеснага сэрвіснага цэнтра, навучанне ў Італіі з сертыфікацыяй па стандартах НАТА.
   U212A
Падводная лодка тыпу U212AФота: https://www.fincantieri.com

Польшча набліжаецца да падпісання кантракту на новыя падводныя лодкі ў рамках праграмы Orka, якая цягнецца ўжо тры дзесяцігоддзі і паспела за гэты час стаць сімвалам занядбання ВМС Польшчы.  Цяпер краіна мае на ўзбраенні толькі адно баяздольнае падводнае судна — ORP Orzeł (1986 года пабудовы), чытаем на партале forsal.pl.

Першапачатковыя планы па набыцці новых падводных лодак адкладаліся шмат гадоў. У выніку Польшча набыла нарвежскія падводкі тыпу Kobben як часовае рашэнне, але да сёння так і не паспела абнавіць падводны флот. Падводкі нарвежскай вытворчасці ўжо таксама спісаны. 

У 2023 годзе Агенцтва ўзбраення Польшчы правяло кансультацыі з 11 міжнароднымі пастаўшчыкамі. У «кароткі спіс» патрапілі тры прапановы: ад Італіі, Германіі і Швецыі. Найбольшай цікавасцю карыстаецца італьянская — ад кампаніі Fincantieri.

Італьянцы прапануюць падводныя лодкі тыпу U212 NFS — удасканаленую версію мадэлі U212A. Ужо праз 12 месяцаў пасля падпісання кантракту Польшча можа атрымаць мадэрнізаваную лодку тыпу Sauro IV або U212A для аднаўлення навучання экіпажаў. Новыя падлодкі будуць пастаўлены да 2032 года.

Праект прадугледжвае буйны трасфер тэхналогій: удзел польскіх верфяў у будаўніцтве, стварэнне сумеснага сэрвіснага цэнтра, навучанне ў Італіі з сертыфікацыяй па стандартах НАТА. Узбраенне падводак U212A  уключае тарпеды Black Shark Advanced, міны, судна таксама валодае магчымасцю выкарыстання крылатых ракет.

Падвокі будуць абсталяваны літый-іённымі батарэямі, сістэмай незалежнага ад паветра ходу (AIP), сучасным санарам і сістэмай кіравання ATHENA. Таксама прадугледжана выкарыстанне польскіх сістэм сувязі і радыёэлектроннай барацьбы.

Італьянская прапанова можа забяспечыць хуткае ўзмацненне ВМС Польшчы і стратэгічнае супрацоўніцтва ў гэтай галіне на дзесяцігоддзі.

эж