23 чэрвеня ў Гданьску адбылося ўрачыстае адкрыццё адзінай у Еўропе вытворчасці канадскай кампаніі Galvion, сусветнага лідэра ў галіне сістэм абароны для вайскоўцаў, пішуць на партале gazeta.pl. На заводзе, які пачаў дзейнічаць яшчэ ў красавіку, ужо працуе каля 70 чалавек, частка якіх пераехала на Памор’е з іншых рэгіёнаў Польшчы.
Кампанія Galvion, заснаваная ў 2002 годзе, спецыялізуецца на вытворчасці сучасных ахоўных шлемаў з інтэграванай электронікай, здольнай выводзіць інфармацыю з поля бою проста перад вачыма салдата. Завод у Гданьску займаецца зборкай і захоўваннем прадукцыі, а з цягам часу плануецца і запуск сэрвіснага абслугоўвання.
Паводле кіраўніка польскага даччынага прадпрыемства Томаша Вротняка, гэта адна з нямногіх фабрык у рэгіёне, дзе вырабляюцца такія шлемы, і адзіная вытворчая пляцоўка Galvion у Еўропе. Асноўнымі замоўшчыкамі прадукцыі з’яўляюцца арміі Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі і Польшчы.
Генеральны дырэктар кампаніі Galvion Тод Стырцынгер адзначыў, што выбар Гданьска быў абгрунтаваны лагістыкай, доступам да кваліфікаваных кадраў і падтрымкай з боку мясцовых уладаў. Прадпрыемства здольнае выпускаць да 100 тысяч шлемаў штогод.
эж