У Польшчы стартавала будаўніцтва наземнай інфраструктуры для марскіх ветраных ферм «Балтык 2» і «Балтык 3», якія рэалізуюць Polenergia і міжнародная энергетычная кампанія Equinor, паведамляе партал energetyka24.com. Праекты ўключаюць стварэнне двух наземных электрастанцый каля Усткі, кабельных трас да берагавой інфраструктуры і будаўніцтва аперацыйна-сэрвіснай базы ў Лэбе.
У цырымоніі пачатку рэалізацыі праектаў у Варшаве ўдзельнічалі каля 200 чалавек. Як адзначыла старшыня нагляднай рады Polenergia SA Дамініка Кульчык, інсталяцыйныя работы ў моры распачнуцца ўжо ў першай палове 2026 года, а першая электраэнергія паступіць у сетку ў 2027-м. Да 2028 года праекты выйдуць на камерцыйную эксплуатацыю.
Наземную інфраструктуру будуе Hitachi Energy сумесна з польскімі кампаніямі Erbud, Enprom і Tele-Fonika Kable. Кабельныя трасы агульнай працягласцю 14 км пракладваюцца з выкарыстаннем сучасных тэхналогій падземнага бурэння, што дазваляе пазбегнуць адкрытых раскопак.
У Лэбе кампанія Erbud вядзе будаўніцтва аперацыйна-сэрвіснай базы, якая забяспечыць працу ветраных электрастанцый. Тут будуць створаныя дзясяткі працоўных месцаў для спецыялістаў.
Агульная магутнасць «Балтык 2» і «Балтык 3» складзе 1440 МВт, а разам з праектам «Балтык 1» — да 3 ГВт. Усе тры ветраныя фермы змогуць забяспечыць электраэнергіяй больш за 4 мільёны домагаспадарак. Праект «Балтык 1» ужо валодае прававымі дазволамі і чакае пачатку аўкцыённага працэсу.
Equinor і Polenergia заяўляюць, што праекты з’яўляюцца важнай часткай зялёнай трансфармацыі Польшчы.
эж