Беларуская Служба

«Без працы не застанешся»: рэальнае жыццё беларускага эмігранта

29.06.2025 06:02
Беларускі эмігрант, які працуе звычайным рабочым у Польшчы, дзеліцца досведам і раіць моцна не хвалявацца, калі вы раптам страцілі працу.
Аўдыё
  • «Без працы не застанешся»: рэальнае жыццё беларускага эмігранта
Палац Браніцкіх у БеластокуФота Паўла Залескага

Тут звычайна ўсё пачынаецца з будоўлі

Эдуард — з невялікага беларускага гарадка. Працаваў у газавай службе. Разам з сям’ёй апынуўся ў Польшчы пасля 2020-га года. Адразу пачаў шукаць працу, але газавіком уладкавацца не ўдалося, паколькі, як прызнаецца, не меў вадзіцельскага пасведчання катэгорыі В. Праўда, згадвае, што асабліва не разгубіўся, паколькі прапаноў навокал было шмат.

– Першая мая праца была на будоўлі. І паколькі я ўсё ж быў газавіком, то мог мантаваць газавыя сеткі, таксама санітарныя сеткі, сеткі вады. Прапрацаваў недзе паўгода і давялося змяніць працу — разышліся ў поглядах з брыгадзірам. Яго нават палякі ў брыгадзе не вельмі паважалі: невялікага розуму, без адукацыі, але спрабаваў нешта з сябе ўяўляць. Мушу прызнаць, што праца там была даволі няпростая — за паўгода скінуў дзесяць кілаграмаў, але заробак быў нядрэнны.

Другая праца была неўдалай, на трэцяй доўга не затрымаўся

Далей суразмоўца кажа, што вырашыў пайсці на курсы каршчыка, скончыў іх і працаваў у фірме, якая мела кантракты з заводам Volkswagen.

– Праца была не такая ўжо і цяжкая, але там даводзілася працаваць па зменах. Да ўсяго, мяне прынялі туды не па дамове аб працы, а па ўмове падраду. А гэта азначала, што ні бальнічны ліст, ні адпачынак ніхто не аплочваў. Ды і аплата была ўсяго 19 злотых за гадзіну. Адпрацаваў там паўгода, пасля паразмаўляў са знаёмымі беларусамі, і яны ўзялі мяне ў сталярную фірму, дзе збіралі мэблю. Там таксама не атрымалася, бо гаспадар фірмы ўвесь час настойваў, каб я фарбаваў, а гэта ў мяне не вельмі атрымлівалася. А ён вельмі настойваў, таму прапрацаваў месяц і давялося адтуль сысці.

У любым выпадку без працы не застануся

Спадар распавядае, што яшчэ яму давялося папрацаваць на прадпрыемстве, дзе вырабляюць аўтамабільныя апоны, але там работы не стала, і давялося застацца ў стане беспрацоўнага.
Нягледзячы на гэта, суразмоўца кажа, што ў любым выпадку без працы не застанецца, проста ўжо не спяшаецца ісці на першую патрапіўшую, бо досвед падказвае, што варта знайсці адразу нешта належнае.

– Каб сказаў, што зусім не перажываю, то не, ёсць нейкае хваляванне, але гэта не ў плане таго, што не знайду працу, а ў плане таго, што хацелася б знайсці нешта з лепшымі ўмовамі і вышэйшым заробкам. Проста працу знайсці ў Польшчы не праблема. Мне ўжо нямала гадоў і хацеў бы, каб яна была без начных і ў адну змену, каб не з самага рання.

– А цяжка знайсці такую працу?

– Думаю, што не так цяжка, але трэба шукаць. І чым замежнік лепей ведае польскую мову, чым вышэй яго кваліфікацыя і пацверджаная польскімі дакументамі, тым лягчэй.

– Мне здаецца, што тут важней не дыплом, а тое, што чалавек можа зрабіць…

– Гэта ў першую чаргу, але калі ты маеш дыплом — ён дае табе дадатковы бонус.

Парады для тых, хто толькі прыехаў

Спадар Эдуард, трохі падумаўшы, кажа, што ў Польшчы існуе, акрамя гэтага, шмат розных сервісаў, якія прапануюць працу проста на дзень. Там не патрабуецца ні веданне польскай мовы, ні дыплома. І так можна працаваць пастаянна, і некаторыя людзі, маўляў, так і робяць, паколькі на жыццё такім чынам таксама можна зарабіць.

Тым, хто толькі прыехаў у Польшчу і шукае працу, спадар раіць для пачатку ўладкавацца туды, дзе адразу возьмуць, каб было за што жыць, заплаціць за кватэру.

– А потым ужо шукаць нешта больш сталае, прыглядзецца, паразмаўляць са знаёмымі, наогул пакантактаваць з людзьмі — і будзе значна прасцей дайсці да мэты.

– А беларусы дапамагаюць тут адзін аднаму, калі нехта шукае працу?

– Так. Ёсць чаты беларусаў, скантактавацца з беларусамі проста. І калі бачаць, што табе патрэбна дапамога, то абавязкова дапамогуць.

Тут большы попыт на працоўныя рукі і заробкі вышэйшыя

Яшчэ спадар звяртае ўвагу, што калі чалавек уладкоўваецца ў польскую фірму звычайным рабочым, то тут даводзіцца авалодваць рознымі спецыяльнасцямі. Сістэма збудавана так, каб адзін аднаго ў патрэбны момант мог замяніць.

Што да заробкаў, то, на думку суразмоўцы, лягчэй зарабіць большыя грошы ў Польшчы, але, з іншага боку, многае залежыць непасрэдна ад самога чалавека.

– Вядома, хто мае рукі і розум, то заробіць і там, і там. Але ў Польшчы ўсё ж прасцей гэта зрабіць. Тут большы попыт на працоўныя рукі і шмат месца, дзе можаш іх прыкласці. А калі добра працуеш, то, адпаведна, і ўзровень твайго даходу вырастае.

Дамова аб працы ў Польшчы дае больш рабочаму, чым беларускі прафсаюз

Што датычыць абароненасці працоўнага чалавека, то, паводле спадара Эдуарда, беларусы, як і іншыя замежнікі працуюць без усякіх прафсаюзаў, проста па дамове.

– Але тая дапамога ад прафсаюзных арганізацый у Беларусі — зусім не тое, што патрабуецца рабочаму. Так, я тут без дапамогі прафсаюзнай, але па ўмове аб працы маю нейкія канкрэтныя гарантыі. Лепей без прафсаюза, чым з тым прафсаюзам, што ў Беларусі. Бо там ён абараняе толькі працадаўцу. Там заўсёды вінаваты работнік, а не працадаўца.

Мару атрымліваць дзве пенсіі

Цікаўлюся ў спадара, што ён думае пра сваю пенсію, паколькі ў Беларусі за адпрацаваныя гады перспектывы яе атрымаць цьмяныя. А тут на пенсію давядзецца шмат працаваць.

– Мне яшчэ 15 гадоў да пенсіі, пяць тут я ўжо адпрацаваў, так што дваццаць гадоў будзе. І ў Беларусі ёсць дваццаць гадоў — маю надзею, што і там нешта зменіцца. Тут дапрацую да пенсіі і аб’яднаю дзве. Думаю, што на не зусім бедную старасць хопіць.

– А дзе б хацелі жыць на пенсіі?

– Хацеў бы і тут быць, і туды ездзіць. Зімой можа тут, а летам у Беларусь паехаў бы. Пажывём, пабачым…

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл


 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы