Амаль мільярд злотых выдзяляецца на пашырэнне аэрапорта імя Шапэна ў Варшаве.
Мадэрнізацыя варшаўскага аэрапорта пачнецца ў канцы наступнага года. Работы павінны павялічыць магчымасці рэгістрацыі пасажыраў. Усе меры прымаюцца для таго, каб варшаўскі аэрапорт не страціў сваёй прапускной здольнасці да адкрыцця новага Цэнтральнага камунікацыйнага порта пад Варшавай.
У гэтым годзе будзе абвешчаны тэндар на выбар кампаніі, якая мадэрнізуе тэрмінал аэрапорта ў Варшаве. Работы будуць працягвацца да 2029 года. На пашырэнне прызначаецца 940 мільёнаў злотых (235 мільёнаў еўра). Пасля мадэрнізацыі аэрапорт павінен абслугоўваць на 6 мільёнаў пасажыраў у год больш, чым цяпер.
Намеснік міністра інфраструктуры Мацей Лясэк (Maciej Lasek) заявіў, што пашырэнне неабходнае, таму што пасажырапаток расце хутчэй, чым усе спадзяваліся.
— Мы чакаем, што ў гэтым годзе, верагодна, перавысім лічбу 23 мільёны пасажыраў, таму што, як паведамляе кампанія, практычна кожны наступны месяц б'е рэкорды зарэгістраваных пасажыраў.
Прэзідэнт кампаніі «Польскія аэрапорты» Лукаш Хаберскі (Łukasz Chaberski) заявіў, што ў выніку пашырэння павялічыцца прапускная здольнасць перонаў для самалётаў.
— Колькасць месцаў для стаянак вузкафюзеляжных самалётаў, гэта значыць папулярных Boeing 737 або Airbus A 320, пасля мадэрнізацыі павялічыцца на 34%, гэта значыць з 62 да 83, а колькасць месцаў для шырокафюзеляжных самалётаў — з 15 да 24.
Таксама плануецца пашырэнне пасажырскага тэрмінала. Будуць створаны дадатковыя выхады на пероны і стойкі рэгістрацыі. Акрамя гэтага, кампанія хоча пашырыць зону сартавання багажу. Дзякуючы гэтым аперацыям прапускная здольнасць варшаўскага аэрапорта перавысіць 31 мільён пасажыраў у год.
Пасля адкрыцця Цэнтральнага камунікацыйнага порта ў Баранаве плануецца, што ўвесь грамадзянскі рух будзе пераведзены ў новы аэрапорт. Гэта павінна адбыцца ў 2032 годзе. Канчатковае рашэнне адносна будучыні сталічнага аэрапорта пакуль не прынята.
IAR/яс