Беларуская Служба

Мільярды злотых з ЕС можна яшчэ выкарыстаць на пракладку хуткаснага інтэрнэту

18.08.2025 17:02
Цяпер міністэрства збірае дадзеныя пра так званыя «белыя плямы» — месцы без хуткаснага інтэрнэту. 
.           .
Ілюстрацыя. Ёсць яшчэ шмат не задзейнічаных сродкаў з ЕС на хуткасны інтэрнэт. Фото: pixabay.com/TheDigitalArtist

Каля 2,5 млрд злотых еўрапейскіх сродкаў усё яшчэ не ўдалося скарыстаць на будаўніцтва хуткаснага інтэрнэту ў Польшчы. Міністэрства лічбавых тэхналогій не выключае чарговага набору для інвестараў – піша Rzeczpospolitа. Гаворка ідзе пра гранты з Нацыянальнага плану адбудовы (KPO). Па словах чыноўніцы ведамства Монікі Гэмбіцкай (Monika Gembicka), міністэрства «не выключае такой магчымасці, а пра дэталі паведаміць пазней».

Цяпер міністэрства збірае дадзеныя пра так званыя «белыя плямы» — месцы без хуткаснага інтэрнэту. «Дзякуючы абнаўленню спісу «белых плям» сродкі на шырокапалосныя сеткі можна будзе выдаткоўваць больш эфектыўна. Мэта цяперашніх кансультацый — актуалізаваць спіс «белых плям» у сувязі з інвестыцыямі, якія цяпер рэалізуюцца» — растлумачыла Гэмбіцка.

Па інфармацыі выдання, карты так званых «белых плям» бываюць неактуальнымі або недакладнымі. Гэмбіцка адзначыла, што абнаўленне гэтых карт неабходна, бо на іх можа не быць новых будынкаў або тых, у якіх сетку павінен быў пракласці аператар, але адмовіўся ад праекта. 

«Цяпер, пасля чацвёртага набору сродкаў з Плану адбудовы, працягваецца этап заключэнне дамоў, і толькі пасля яго завяршэння будзе вядома, колькі дамашніх гаспадарак застанецца па-за планам дзяржаўных інвестыцый. Таму Цэнтр праектаў «Лічбавая Польшча» (CPPC) на пытанне, якую частку еўрапейскіх сродкаў не ўдалося задзейнічаць, не дае дакладнага адказу. Паводле яго звестак, засталося 2,25 млрд злотых (41% ад даступных 5,4 млрд). Гэтая сума можа скараціцца, калі цэнтр падпіша дамовы з удзельнікамі апошняга тэндара» — піша газета.

PAP/нг