На польскім рынку таксі — глыбокі крызіс. Упершыню колькасць дзейных прадпрыемстваў у гэтай сферы ўпала ніжэй за 50 тысяч. Паводле газеты Rzeczpospolita, так мала таксі ў краіне яшчэ ніколі не было.
Дадзеныя, сабраныя для выдання аналітычнай кампаніяй Dun&Bradstreet, паказваюць: таксісты масава закрываюць бізнесы. За апошнія паўгода зарэгістравана толькі 628 новых прадпрыемстваў, а ліквідавана больш за 1600. Гэта азначае, што з вуліц польскіх гарадоў магло знікнуць каля тысячы таксовах.
У сярэднім кожны дзень з вуліц знікае пяць таксі. За апошняе дзесяцігоддзе рынак скараціўся на 10%, а ў параўнанні з 2009 годам — амаль на траціну. Прычыны — рост коштаў утрымання аўтамабіляў, падатковы ціск і канкурэнцыя з боку міжнародных сэрвісаў таксі і дастаўкі.
«Гэтая галіна заўсёды трымалася на невялікіх, найчасцей аднаасобных бізнесах. Цяпер яны проста не вытрымліваюць канкурэнцыі», — адзначаецца ў выданні.
На гэтую галіну таксама паўплывае ў будучыні развіццё аўтаномных таксі. І ўжо ёсць першыя прыклады: у Кітаі і ЗША па гарадах ездзяць машыны без кіроўцаў. У Еўропе гэтую тэхналогію плануе развіваць амерыканская кампанія Lyft, якая нядаўна за 175 мільёнаў еўра набыла ў BMW і Mercedes-Benz платформу FreeNow, у тым ліку і з польскім сегментам.
Lyft ужо аб’яднала намаганні з кітайскім канцэрнам Baidu (праект Apollo Go). Першыя «роба-таксі» павінны выйсці на маршруты ў Вялікабрытаніі і Германіі ўжо ў 2026 годзе. У наступныя гады парк аўтаномных таксі можа вырасці да тысяч машын па ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў Польшчы.
эж