Беларуская Служба

Штучны інтэлект ужо забірае працу ў польскіх праграмістаў

24.08.2025 14:33
На Захадзе многія тэхналагічныя кампаніі адкрыта прызнаюць: масавыя скарачэнні кадраў звязаныя з укараненнем AI. 
Штучны інтэлект ужо забірае працу ў польскіх праграмістаўShutterstock

На польскім IT-рынку больш няма ўмоваў «рынку працаўніка», як у часы пандэміі. Паводле выдання Rzeczpospolita, штучны інтэлект ужо пачаў выцясняць праграмістаў, у першую чаргу пачаткоўцаў.

Газета адзначае, што на Захадзе многія тэхналагічныя кампаніі адкрыта прызнаюць: масавыя скарачэнні кадраў звязаныя з укараненнем AI. У Польшчы ж большасць IT-спецыялістаў пакуль не бачаць у ім прамой канкурэнцыі.

Згодна з апытаннем агенцтва ManpowerGroup, толькі 23% супрацоўнікаў IT-кампаній выказваюць асцярогі, што іх можа замяніць штучны інтэлект ці новыя тэхналогіі. Куды часцей праграмісты бачаць пагрозу ў таннейшай замежнай канкурэнцыі. Большасць жа ўспрымае AI як карысны інструмент, які дапамагае ў працы.

Аднак Rzeczpospolita падкрэслівае: гэтая ацэнка польскіх айцішнікаў можа хутка змяніцца. Статыстыка найму ўжо цяпер паказвае, што штучны інтэлект негатыўна ўплывае на рынак працы ў ІТ і закранае самую яго аснову – прафесію праграміста.

Нягледзячы на рост даходаў кампаній і агульнае паляпшэнне кан’юнктуры ў IT-сектары, гэта не адлюстроўваецца на росце новых працоўных месцаў. Асабліва прыкметны спад попыта на пачаткоўцаў — так званых junior-праграмістаў, якія раней падтрымлівалі больш дасведчаных калег. Сёння іх ролю ўсё часцей выконвае штучны інтэлект.

эж