Беларуская Служба

Інстытут эксплуатацыйных тэхналогій у Радаме атрымаў буйны грант ад Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі

24.03.2026 15:01
Радамскі інстытут падтрымлівае эканоміку, стварае новыя тэхналогіі і шукае інавацыйных рашэнняў для прамысловасці.
ГрошыPhoto:_Alicja_/pixabay.com/CC0 Public Domain

Даследчая сетка імя Лукасевіча — Інстытут эксплуатацыйных тэхналогій у Радаме, інакш Радамскі «Лукасевіц» атрымаў грант у памеры трох мільёнаў злотых (амаль 701 тысячу еўра) ад Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі. Грошы будуць выдзелены на інвестыцыі і развіццё ўстановы.

Даследчая сетка імя Лукасевіча, да якой належыць радамскі інстытут, складаецца з 22 навукова-даследчых цэнтраў у Польшчы.

Інстытут эксплуатацыйных тэхналогій у Радаме падтрымлівае эканоміку, стварае новыя тэхналогіі і шукае інавацыйных рашэнняў для прамысловасці, таму безумоўна заслугоўвае фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы, кажа дэпутат ад «Грамадзянскай кааліцыі» Конрад Фрыштак (Konrad Frysztak).

— Усё дзеля таго, каб Радам, як на нацыянальнай, так і міжнароднай арэне быў вядомы тым, што самае лепшае. Гаворка ідзе не толькі пра дакладную прамысловасць, але таксама кадры — іх высокія кваліфікацыі і веды.

Сродкі ад Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі будуць прызначаныя на рамонт і цеплавую мадэрнізацыю інстытута. Гэта важна для ўстановы, якая атрымлівае дзяржаўную субсідыю на ўзроўні 25% сваіх эксплуатацыйных выдаткаў.

У сваю чаргу зэканомленыя грошы можна будзе выдаткаваць на навуковыя даследаванні, тлумачыць кіраўнік Інстытута эксплуатацыйных тэхналогій у Радаме доктар Адам Душык (Adam Duszyk):

— Цяпер, дзякуючы сваім поспехам Інстытут забяспечаны на бліжэйшыя тры-чатыры гады добрага, устойлівага развіцця. Аднак мая мара — гарантаваць інстытуту спакойную працу цягам бліжэйшага дзесяцігоддзя або двух, каб маладыя навукоўцы маглі адчуваць сябе ў нас бяспечна і бяспечна развівацца.

Даследчая сетка імя Лукасевіча — Інстытут эксплуатацыйных тэхналогій у Радаме працуе ўжо 40 гадоў.

Нагадаем, Даследчая сетка Лукасевіча — дзяржаўная арганізацыя, створаная ў 2019 годзе для планавання і каардынацыі навукова-даследчых і распрацоўчых работ, якія праводзяцца яе членамі. Асноўнымі задачамі інстытутаў, якія дзейнічаюць у рамках Сеткі, з'яўляюцца рэалізацыя даследчых праектаў, у тым ліку міжнародных, і камерцыялізацыя вынікаў даследаванняў.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

Банкі ў Польшчы выдзелілі на 54% больш іпатэчных крэдытаў, чым год таму – Бюро крэдытнай інфармацыі

24.03.2026 13:01
Усё ж увагу аналітыкаў звяртае тэндэнцыя да росту колькасці грашовых пазыкаў на ўсё большыя сумы.