Адсутнасць павагі да супрацоўнікаў і прыхільнае стаўленне да выбраных асоб — гэта найбольш раздражняльныя рысы дрэнных кіраўнікоў у Польшчы. Такі вынік агульнанацыянальнага апытання аб сітуацыі на працоўным месцы.
Даследаванне, пацвярджае папулярную сярод экспертаў па кадрах прымаўку, што «супрацоўнік прыходзіць у каманду, але сыходзіць «ад» начальніка». Кожны трэці рэспандэнт прызнаўся, што мяняў працу з-за дрэннага кіраўніка, часам неаднаразова, а яшчэ 28% прызнаюць, што сур'ёзна разглядалі гэткі крок.
У агульнай складанасці больш за шэсць з дзесяці супрацоўнікаў паведамілі, што дзеянні або стаўленне начальнікаў прымусілі іх да змены працадаўцы, паведамляе газета Rzeczpospolita. Паводле выдання, найбольш раздражняльнай адмоўнай рысай кіраўнікоў была адсутнасць павагі да падначаленых, якую назвала амаль палова рэспандэнтаў. Гэта можа ўключаць, напрыклад, ігнараванне просьбаў і ідэй падначаленага або забыванне пра папярэднія дамоўленасці.
Другая найбольш раздражняльная рыса ў кіраўнікоў — наданне перавагі асобным супрацоўнікам (37% адказаў).
Крыху менш людзей крытыкавалі адсутнасць камунікатыўных навыкаў у сваіх начальнікаў, а 35% скардзіліся на празмерны кантроль на кожным этапе працы. 35% рэспандэнтаў найбольш раздражняльнай рысай у сваіх начальнікаў лічаць адсутнасць выканання абяцанняў, а 33% — прыпісванне сабе ўсіх заслугаў.
З другога боку, найбольш каштоўнымі рысамі кіраўнікоў апытаныя найчасцей называлі справядлівасць, у тым ліку роўнае стаўленне да каманды і этыку. Палова рэспандэнтаў паставіла іх на першае месца, а 75% — сярод двух галоўных каштоўнасцей.
47% супрацоўнікаў лічаць, што добры начальнік павінен гнутка спалучаць ролі лідара, менеджара, настаўніка і партнёра ў залежнасці ад сітуацыі. Для 76% рэспандэнтаў пол начальніка не мае значэння — найважнейшыя яго кампетэнцыі. Большасць, 56% рэспандэнтаў, таксама заявілі, што значэння не мае ўзрост кіраўніка.
PAP/аз