Эканоміка, у тым ліку імкненне Польшчы далучыцца да G20, была галоўнай тэмай візіту польскай дэлегацыі ў Паўднёвай Карэі, на чале з кіраўніком польскага ўрада Дональдам Тускам. Канцылярыя прэмʼер-міністра адзначае, што гэта першы візіт кіраўніка польскага ўраду ў Паўднёвую Карэю за 27 гадоў.
Нагадаем, Рэспубліка Карэя не толькі зʼяўляецца членам гэтай арганізацыі, то бок групы найбагацейшых эканомік свету, але і будзе старшынстваваць у ёй у 2028 годзе.
— У цяперашні час Рэспубліка Карэя зʼяўляецца нашым найбуйнейшым азіяцкім інвестарам у сектарах, якія маюць вырашальнае значэнне для Польшчы, — падкрэсліў міністр фінансаў і эканомікі Анджэй Даманьскі (Andrzej Domański).
Ён дадаў, што гандаль паміж дзвюма краінамі расце, але патэнцыял польскіх кампаній значна большы. Таму мэтай польска-карэйскіх перамоваў было таксама павелічэнне прысутнасці польскіх кампаній на карэйскім рынку і развіццё супрацоўніцтва ў ключавых сектарах.
— Гандаль знаходзіцца ў стане дысбалансу — Польшча імпартуе з Карэі значна больш, чым экспартуе ў яе. Польскія кампаніі на карэйскім рынку таксама мала відавочныя. Мы зацікаўленыя, перш за ўсё, у харчовым сектары, аднак кампаніі маюць праблемы з доступам да рынку Паўднёвай Карэі. Пад увагу мы бярэм таксама ваенны сектар. Мы хочам, каб гандлёвая супраца было больш збалансаваная. Бачым таксама патэнцыял у касмічнай галіне. Нагадаю, Польшча ўдвая павялічыла выдаткі на касмічную галіну, — падкрэсліў міністр.
Бакі абмяркоўвалі таксама пытанні, датычныя энергетыкі, у тым ліку атамнай, і рашэнняў, звязаных з інфраструктурай у газавым сектары, абароннай прамысловасці, лічбававання, штучнага інтэлекту і вытворчасці паўправаднікоў.
Пасля візіту ў Паўднёвую Карэю прэмʼер Дональд Туск адправіўся ў Токіа. У Японіі кіраўнік польскага ўраду сустрэнецца з прэмʼер-міністрам Японіі Санаэ Такаіці і прадстаўнікамі Японскай федэрацыі бізнесу. Візіт у азіяцкія краіны працягнецца да серады.
У сваю чаргу міністр Анджэй Даманьскі прама з Сеула паляцеў у Вашынгтон, для ўдзелу ў сустрэчы Групы G20.
IAR/аз