Паслугамі PKP Intercity на працягу апошніх доўгіх выходных (4-7 чэрвеня), якія выпалі на пачатку чэрвеня ў Польшчы, скарысталіся амаль 1,4 мільёна чалавек. Перавозчык паведаміў, што найбольшая загружанасць была зафіксаваная 7 чэрвеня. У гэты дзень цягнікамі PKP Intercity падарожнічалі 347 тысяч пасажыраў. Гэта новы транспартны рэкорд кампаніі.
Паводле слоў прэс-сакратара PKP Intercity Міхала Вжосэка(Michał Wrzosek), сёлетнія чэрвеньскія выходныя былі лепшымі за мінулагоднія па колькасці пасажыраў.
— Гэта на 5 працэнтаў больш, чым у 2025 годзе. PKP Intercity паклапацілася пра тое, каб падчас доўгіх чэрвеньскіх выходных пасажыры мелі як мага больш месцаў у цягніках. Паводле бягучага раскладу, на пасажыраў чакала больш за 530 розных маршрутаў, — заявіў Вжосэк.
Найбольшая колькасць пасажыраў скарысталася цягнікамі, якія накіроўваліся на ўзбярэжжа Балтыкі і ў курортны гарадок у Татрах — Закапанэ. Паводле Міхала Вжосэка, некаторыя цягнікі былі ўзмоцнены дадатковымі вагонамі.
— Агулам да 378 цягнікоў мы дадалі 750 вагонаў. Яны выкарыстоўваліся ў цягніках, якія курсіравалі паміж буйнымі гарадамі і папулярнымі турыстычнымі цэнтрамі, у тым ліку ў Закапанэ, Калобжэг і Хель, — дадаў прэс-сакратар PKP Intercity.
Нагадаем, з бліжэйшай нядзелі, 14 чэрвеня, уступіць у сілу летні расклад чыгуначнага руху. У яго будуць уключаны, сярод іншага, дадатковыя цягнікі да папулярных турыстычных гарадкоў. Акрамя таго, у расклад вернуцца два горада: Ломжа (Łomża) ў Падляскім і Астралэнка (Ostrołęka) — у Мазавецкім ваяводствах.
PKP Intercity таксама запусціць цягнікі ў Харватыю і Славенію.
IAR/аз