Польскі ўрад падрыхтаваў пакет «Дэрэгуляванне 2.0», які павінен аблегчыць прадпрымальніцкую дзейнасць
У рамках пакета «Дэрэгуляванне 2.0» урад хоча даць прадпрымальнікам магчымасць падтрымліваць фінансавую ліквіднасць падчас спрэчак з падатковымі органамі.
Новыя правілы дазволяць альтэрнатыўнае забеспячэнне падатковага абавязацельства перад дзяржавай.
Міністр па наглядзе за рэалізацыяй дзяржаўнай палітыкі Мацей Бэрэк падкрэслівае, што гэта фундаментальная змена для дзейнасці і выжывання многіх прадпрыемстваў.
– Дапускаецца забеспячэнне каштоўнымі паперамі, акцыямі або так званымі прымусовымі іпатэкамі, на якія мае права Падатковая служба. Падаткаплацельшчык зможа вызначыць, як забяспечыць гэтае абавязацельства, акрамя блакіроўкі рахунку. Без доступу да банкаўскага рахунку прадпрымальніку проста немагчыма выжыць.
Пакет падатковых і адміністрацыйных змен уключае шэраг іншых ключавых прапаноў. Урад плануе, сярод іншага, увесці пяцігадовы тэрмін дзеяння падатковых рашэнняў у канкрэтнай справе і падвоіць тэрмін абскарджання падатковых рашэнняў з чатырнаццаці да трыццаці дзён. Праект таксама прадугледжвае пашырэнне так званай «маўклівай згоды» на заяўкі на адтэрміноўку выплаты падаткаў (то бок, калі падатковая ў адміністрацыйны тэрмін не аспрэчыць заяўку, лічыцца, што ёсць згода).
Урад у рамках пакета «Дэрэгуляванне 2.0» плануе таксама ўвесці бясплатнае мабільнае прыкладанне, якое ў канчатковым выніку заменіць традыцыйныя касавыя апараты. На аснове гэтага прыкладання чыноўнікі будуць аўтаматычна рыхтаваць дэкларацыі па ПДВ.
Чакаецца, што ўсе рэформы будуць прыняты Радай Міністраў да канца гэтага года, а паэтапнае ўкараненне пачнецца ў пачатку 2027 года.
IAR/яс
Слухайце эфірны выпуск эканамічнай перадачы!