Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Інфляцыя ў жніўні вырасла больш, чым чакалася

01.09.2026 14:30
Рост інфляцыйнай рызыкі паўплывае на працэнтныя стаўкі, нагадваюць эканамісты.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPhoto:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Інфляцыя ў жніўні вырасла больш, чым чакалася. Паводле папярэдняй ацэнкі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, у згаданым месяцы жыхары Польшчы заплацілі за спажывецкія тавары і паслугі на 3,4% больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года. У ліпені гэты паказчык складаў 3%.

Галоўны эканаміст PZU Давід Пахуцкі (Dawid Pachucki) лічыць, што рост інфляцыйнай рызыкі паўплывае на працэнтныя стаўкі:

— Дадзеныя аб інфляцыі заканчваюць дыскусію ў Радзе грашовай палітыкі на тэму магчымага зніжэння працэнтных ставак у бягучым годзе. Хутчэй за ўсё, сёлета працэнтныя стаўкі ў Польшчы ўжо не памяняюцца. Пра магчымае іх зніжэнне можна будзе гаварыць недзе ў сярэдзіне будучага года пры ўмове, што інфляцыя будзе змяншацца, — кажа эканаміст.

У сваю чаргу, паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, тэмпы росту польскай эканомікі паскараюцца. Паводле іх, у другім квартале ВУП у Польшчы павялічыўся на 3,9% у параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года.

Эканамістка Уршуля Крыньска (Urszula Kryńska) з PKO Bank Polski адзначае, што гэта крыху лепшы паказчык, чым папярэдняя ацэнка ўпраўлення, апублікаваная ў сярэдзіне жніўня:

— Другая ацэнка была крыху вышэйшай за папярэднія дадзеныя, якія паказвалі на рост на ўзроўні 3,8%. Гэты стабільны, амаль чатырохпрацэнтны эканамічны рост быў дасягнуты на фоне павялічэння спажывання, хоць і крыху слабейшага, чым у папярэднім квартале, і пры вельмі стабільных інвестыцыях, якія зараз растуць амаль на 10%. Мы мяркуем, што агулам — на працягу года — згаданы рост дасягне 3,5%. Дадзеныя за другі квартал не мяняюць нашага прагнозу, — падкрэслівае Уршуля Крыньска.

У першым квартале бягучага года польская эканоміка вырасла на 3,5%.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі