Аляксандр Лукашэнка чарговы раз паказаў лаяльнасць перад Пуціным і не прыедзе ў Варшаву на адзначэнне гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны. Што магло б здарыцца, калі б кіраўнік Беларусі 1 верасня стаў у адзін шэраг з лідарамі іншых краін у польскай сталіцы? справы каментуе палітычны аглядальнік Павал Уса.
- Я думаю, гэта быў бы сігнал для Масквы, што Лукашэнка імкнецца весці нейкую сваю незалежную гульню і нейкім чынам паказаць новыя прыярытэты Беларусі. Несумненна гэта прывяло б да даволі сур’ёзнай рэакцыі з боку Масквы, напрыклад, да палітычна-інфармацыйнай вайны. Лукашэнку абвінавацілі б у здрадзе інтарэсам саюзнікаў. Гэта магло б прынесці негатыўныя наступствы для Лукашэнкі падчас выбарчай парламенцкай кампаніі ў гэтым годзе і прэзідэнцкай у наступным. Масква ўзмацніла б ціск і прымусіла б Мінск хутчэй вызначыцца з працэсам інтэграцыі, чаго Лукашэнка рабіць не хоча. А для Захаду быў бы гэта сігнал, што Белąрусь гатовая да сур’ёзнага дыялогу.
Дарадчык Дональда Трампа 29.08.2019 прыязджае ў Беларусь. Якое значэнне гэтага візіту?
- Вашынгтон імкнецца працягваць палітыку адчынення акна магчымасцяў для Беларусі і такім чынам адцягнуць Беларусь ад уплываў Расеі і адарваць яе ад інтэграцыйных працэсаў. На маю думку, гэта ілюзіі.
Плануецца сустрэча Джона Болтана з Аляксандрам Лукашэнкам. Аб чым яны будуць размаўляць?
- Я думаю, што гэта будуць сімвалічныя заявы ў дачыненні да палітыкі Лукашэнкі. То бок, чарговы раз амерыканскія прадстаўнікі падкрэсляць важнасць суверэнітэту Беларусі і неабходнасць бараніць гэты суверэнітэт. Думаю, што таксама пойдзе гутарка пра адмену санкцыяў у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. Таксама будзе пастаўлена пытанне вяртання амерыканскага амбасадара ў Мінск і беларускага пасла ў Вашынгтон. Але ніяк гэты візіт не паўплывае на інтэграцыйныя працэсы Беларусі з Расеяй.
З новым годам у беларускіх школах з’явяцца факультатыўныя заняткі «Школы юных абаронцаў Айчыны». Якую ролю будуць выконваць гэтыя ўрокі?
- Я думаю, гэта вяртанне заняткаў, якія існавалі ў савецкіх школах, гэтак званая пачатковая вайсковая падрыхтоўка перад тым, як юнакі ішлі ў армію, плюс да гэтага дададуць ідэалагічны аспект. Калі гэтыя заняткі будуць праводзіцца так, як гэта адбывалася ў Савецкім Саюзе, што "наш вораг Захад і НАТА, і толькі Расія наш абаронца", то гэта яшчэ адзін элемент пранікнення расейскага свету ў беларускія школы.
Яланта Смялоўская
слухайце аўдыё