Беларуская Служба

Прэзідэнт Д. Трамп адмяніў свой візіт у Польшчу з-за ўнутранай сітуацыі ў ЗША

30.08.2019 14:36
Нягледзячы на адсутнасць найважнейшага госця, праграма ўрачыстасцяў будзе толькі нязначна адкарэктаваная.
Аўдыё
  • Д. Трамп перанёс сваё падарожжа ў Польшчу
Donald Trump
Donald TrumpPAP/EPA/MICHAEL REYNOLDS

У бліжэйшыя выходныя ў Польшчы з вялікім размахам будзе адзначацца гадавіна трагічных падзей 80-гадовай даўніны – нападзення гітлераўскай Германіі, што стала пачаткам самай крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва. 1 верасня ў Варшаву запрошаныя прадстаўнікі некалькіх дзясяткаў дзяржаў свету – агулам прыбудзе каля 40 дэлегацый.

Важнейшым госцем на ўрачыстасцях павінен быў стаць прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Дональд Трамп. На жаль, стала вядома, што амерыканскі кіраўнік адмяніў сваё падарожжа ў Польшчу з-за ўрагану Дарыян, які неўзабаве можа з вялікай магутнасцю ўдарыць у Фларыду. Паводле прагнозаў, ураган, калі не зменіць сваю траекторыю, дойдзе да ўсходняга ўзбярэжжа ЗША ў панядзелак, выклікаючы праліўны дождж і вецер хуткасцю да 200 км/г. Трамп прыняў рашэнне застацца ў сваёй дзяржаве, каб магчы аператыўна рэагаваць на падзеі. Навучаны горкім вопытам, ён ужо разумее, што перад пачаткам выбарчай кампаніі ён не можа сабе дазволіць паўтарыць памылку 2017 году, калі яго шырока крытыкавалі за спозненую рэакцыю на ўраган Марыя, у выніку якога загінула каля 3 тыс. чалавек.

Нягледзячы на адсутнасць найважнейшага госця, праграма ўрачыстасцяў будзе толькі нязначна адкарэктаваная, – адзначыў кіраўнік палітычнага кабінету прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды міністр Кшыштаф Шчэрскі. І дадаў, што замест Дональда Трампа ў Польшчу прыбудзе віцэ-прэзідэнт Майк Пенс.

- Гэта важная персона, высокапастаўленая асоба, таму дэ-факта змена планаў не будзе мець уплыву на ход урачыстасці. Дарэчы, прэзідэнт Трамп асабіста пазваніў прэзідэнту Дудзе, каб паінфармаваць пра сваё рашэнне. Шчыра кажучы, можа так нават лепш, бо можна сабе ўявіць, што прэзідэнт Трамп прыехаў бы ў Польшчу, але мог бы нават не выйсці з гатэля, бо адтуль па тэлефоне выдаваў бы загады крызіснаму штабу ў Амерыцы. У сваю чаргу Майк Пенс поўнасцю рэалізуе праграму, падрыхтаваную для Дональда Трампа.

Кшыштаф Шчэрскі падкрэсліў, што візіт амерыканскага прэзідэнта не быў адменены, а перакладзены на пазнейшы тэрмін, цягам бліжэйшых некалькіх месяцаў. Ва ўрадавых колах рашэнне Трампа было ўспрынятае са зразуменнем. Па словах старшыні Сенату Станіслава Карчэўскага, для Дональда Трампа на першым месцы знаходзяцца справы яго Айчыны, і ён паступае згодна сваім прынцыпам.

- Я разумею рашэнне прэзідэнта Трампа, які ішоў на выбары пад лозунгам «Амерыка на першым месцы» (America first). Тое, што адбываецца ў Амерыцы, для яго з’яўляецца самым важным. Я гэта разумею і адабраю. Мы таксама дзейнічаем па прынцыпу «Poland first», для нас, палітыкаў партыі «Права і справядлівасць» польскія справы самыя важныя, і згодна гэтаму прынцыпу мы паступаем.

Цэнтральныя ўрачыстасці адзначэння 80-ай гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны адбудуцца ў Варшаве 1 верасня. На 2 верасня былі запланаваныя перамовы на самым высокім узроўні паміж прэзідэнтамі Польшчы і ЗША. Па словах міністра Шчэрскага, яны павінны быць рэалізаваныя з удзелам віцэ-прэзідэнта Пенса. Прадстаўнік Анджэя Дуды дадаў, што падчас адзначэння гадавіны вайны розныя дзяржаўныя лідары ў сваіх прамовах згадаюць пра высновы, якія можна зрабіць з гісторыі Польшчы і Другой сусветнай вайны. Ён нагадаў, што дэвізам урачыстасці з’яўляюцца словы «Памяць і папярэджанне».

- Гаворка ідзе пра папярэджанне на сённяшні дзень і на будучыню, пра трагічны ўрок вайны. У сённяшнім свеце прысутнічаюць падобныя дрэнныя эмоцыі, злосць палітыкаў, як перад пачаткам Другой сусветнай вайны. Некаторыя дзяржавы імкнуцца захапіць тэрыторыю іншых дзяржаў, назіраецца адсутнасць пашаны да іншых, да інтэгральнай цэласнасці дзяржаў, іх суверэнітэту, схільнасць дамаўляцца аб лёсе трэціх дзяржаў без прысутнасці іх прадстаўнікоў. Тыя дрэнныя эмоцыі, якія назіраліся ў верасні 1939 году, існуюць і цяпер на свеце.

Нагадаем, у Варшаву не быў запрошаны прэзідэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. У сваю чаргу беларускі кіраўнік вырашыў адмовіцца ад запрашэння, хаця атрымаў яго некалькі месяцаў таму. Відаць, Лукашэнка не хоча раздражняць Пуціна. Тым не менш, Беларусь будзе прадстаўляць амбасадар, – нагадвае К. Шчэрскі

- Беларусь будзе прадстаўлена ў Варшаве на ўрачыстасці 1 верасня. Беларуская дзяржава будзе прысутнічаць у якасці адной з краін, запрошаных на ўрачыстасці.

На адзначэнне гадавіны пачатку вайны прыбыў ужо дарадчык прэзідэнта Трампа па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Болтан. На сустрэчы з польскім міністрам абароны Марыюшам Блашчакам ён адзначыў, што Польшча з’яўляецца выдатным партнёрам ЗША.


ІАР ПР/нг