Майк Пэнс прыбыў у Варшаву замест прэзідэнта Дональда Трампа. Прэзідэнт ЗША вырашыў застацца на радзіме, якая зараз перажывае наступствы ўрагану «Дарыян». Апроч удзелу ў жалобных мерапрыемствах з нагоды 80-ай гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны, Майк Пэнс правёў двухбаковыя перамовы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэм’ерам Матэвушам Марвецкім.
Віцэ-прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Майк Пэнс падчас фінальнай прэс-канферэнцыі з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам паведаміў, што Польшчу і Злучаныя Штаты аб’ядноўвае моцная сувязь, якую нішто не парушыць.
Прыгадваючы даўні польскі запавет «У імя Бога, за нашу і вашу свабоду», амерыканскі палітык назваў Польшчу і ЗША не толькі саюзнікамі, але і сям’ёю.
Безумоўна, у палітыцы падобныя дэкларацыі маюць вялікае, часам вызначальнае значэнне. Аднак давайце прыгледзімся, якія матэрыяльныя дасягненні прынёс дадзены візіт віцэ-прэзідэнта ЗША.
Бадай што самай добрай навіной для палякаў, было паведамленне Майка Пэнса аб тым, што Польшча можа хутка далучыцца да праграмы бязвізавага руху са Злучанымі Штатамі.
-Сёння я маю задавальненне аб’явіць, што Польшча падышла вельмі блізка да моманту, калі яна зможа далучыцца да праграмы бязвізавага руху з ЗША. Як толькі ўсе фармальнасці будуць завершаныя, мы хутка далучым Польшчу да гэтай праграмы.
Пасля таго як Расія пачала рэалізоўваць рэвізіяністычную палітыку ў дачыненні да сваіх суседзяў, для Польшчы лёсавызначальным стала пытанне пашырэння амерыканкай вайсковай прысутнасці ў рэгіёне. І гэтае пытанне было закранутае падчас польска-амерыканскіх перамоваў.
Майк Пэнс пацвердзіў факт, што будзе павялічана амерыканская вайсковая прысутансць у Польшчы, а менавіта колькасць «янкіз» вырасце з 4,5 да 5,5 тысяч чалавек. Амерыканскі палітык дадаў, што зара НАТА з’яўляецца самым моцным хаўрусам у гісторыі чалавецтва, а лідарства Дональда Трампа і бліскучы прыклад Польшчы робяць паўночнаатлантычны альянс яшчэ мацнейшым.
Таксама падчас перамоваў у польскай сталіцы палітыкі закранулі тэму неаімперыялістычных памкненняў Расійскай Федэрацыі. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сказаў, што падзеі ў Грузіі ў 2008 годзе і ў 2014 ва Украіне ніколі не павінны адбывацца ў Еўропе. Польскі лідар падкрэсліў, што нельга абыякава ставіцца да парушэння Расіяй міжнароднага права.
-У гэтым кантэксце трэба паставіць пытанне, ці гэта азначае, што з Расіяй трэба мець дачыненне выключна з перспектывы рэалізацыі гаспадарчых інтарэсаў - бізнес, гэта бізнес? Рэалізоўваць бізнес-інтарэсы, не зважаючы на тое, як Расія парушае правы іншых народаў і дзяржаў? Я лічу, што гэтага рабіць нельга, нельга не звяртаць увагі на такую сітуацыю.
У сваю чаргу віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс падкрэсліў, што нягледзячы на перамовы, якія цягнуцца гадамі, Расія дагэтуль акупуе значную частку Грузіі і Украіны.
Чарговым практычным вынікам паездкі Пэнса ў Польшчу стала падпісанне дамовы аб бяспецы сеці мабільнай сувязі новага пакалення 5G. Дакумент падпісалі прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Марвецкі і віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс.
Напярэдадні Белы дом акрэсліў асноўныя мэты гэтага пагаднення. У Вашынгтоне намагаюцца такім чынам процідзейнічаць нелегальнаму доступу або ўмяшанню ў інфармацыйныя патокі з боку тэлекамунікацыйных аператараў, якія кантралююцца «варожымі дзяржавамі».
У гэтым кантэксце журналісты запыталі прэзідэнта Анджэя Дуду ці Польшча выкрыла шпіёнскую актыўнасць КНР.
-Польская контрразведка выкрыла пэўныя дзеянні, якія могуць мець шпіёнскі характар. Зараз вядзецца расследаванне гэтай справы. Праходзяць нармальныя, легальныя аператыўныя мерапрыемствы польскіх спецслужбаў.
Віцэ-прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што польска-амерыканскі падыход да бяспекі тэлекамунікацый павінен быць прыкладам для іншых краінаў Еўропы.
У параўнанні з 4G cтандарт сувязі 5G можа павялічыць хуткасць перадачы ў дадзеных нават у сто разоў.
Слухайце аўдыё.
IAR/эж