Дзярждэпартамент ЗША выразіў фармальную згоду на набыццё Польшчай самых сучасных баявых знішчальнікаў F-35. Здзелка павысіць абароназдольнасць польскай арміі, але для Беларусі гэта дрэнная навіна, – кажа эксперт.
Польшча паслядоўна пераўзбройвае сваю армію. Цяпер яна прымерваецца да набыцця самых сучасных знішчальнікаў свету F-35. Міністр нацыянальнай абароны краіны Марыюш Блашчак паведаміў, што Дзярждэпартамент Злучаных Штатаў Амерыкі выразіў згоду на продаж польскай дзяржаве 32 баявых самалётаў за 6,5 мільярда долараў.
Па словах Марыюша Блашчака, гэта гістарычнае рашэнне.
- Дзяржаўны дэпартамент Злучаных Штатаў Амерыкі зацвердзіў продаж Польшчы 32 самых сучасных самалётаў F-35. Цяпер мы чакаем згоды ад кангрэсу. Мы ўжо пачалі перамовы па пытанні цаны тэхнікі. Гэта самы важны кантракт у гісторыі Ўзброеных сілаў Рэспублікі Польшчы. І ён усё больш рэальны.
6,5 мільярда долараў – гэта на першы погляд завоблачная цана. Па словах міністра абароны, амерыканцы назвалі максімальны кошт, цяпер задача польскага боку – пастарацца максімальна збіць яго падчас перамоваў.
- Я хачу падкрэсліць, што гэта максімальная цана. У выпадку сістэмы Patriot, якую мы набылі ў мінулым годзе, максімальная цана была значна вышэйшая за тую суму, якую мы заплацілі за тэхніку. Максімальная цана складала 10 мільярдаў долараў, а мы набылі яе за менш чым 5 мільярдаў. Так і цяпер: названая цана – гэта максімальны кошт. Несумненна, канчатковая цана будзе ніжэйшай. А на колькі – гэта зможам сказаць пасля завяршэння перамоўнага працэсу.
F-35 – гэта ўдарны самалёт пятага пакалення, выкананы паводле тэхналогіі Стэлс. Амерыканскі вытворца абяцае, што яго цяжка будзе зафіксаваць на экранах радараў як наземных сілаў супрацьпаветранай абароны, так і авіяцыі. У самых магутных арміях свету, напрыклад, расійскай ці кітайскай, пакуль што няма адпаведніка гэтага класа. Праўда, Расія пахвалілася сваім знішчальнікам Су-57, але ён не дацягвае да F-35.
Польскія ўлады пачалі інтэнсіўна ўзбройваць сваю армію сучаснай тэхнікай пасля пачатку вайны ва Украіне, баючыся агрэсіі з боку магутнага суседа – Расійскай Федэрацыі. На думку вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, для Беларусі гэта дрэнная навіна, паколькі азначае новы віток гонкі ўзбраенняў.
- Кожнае ўзмацненне польскіх узброеных сілаў прымушае Беларусь задумацца аб кроках у адказ. Пакуль што Беларусь забяспечвала сваю бяспеку ўласнымі сіламі. Аднак з’яўляенне ў Польшчы знішчальнікаў F-35 прымусіць краіну звярнуцца да Расіі па дапамогу. Такім чынам адбудзецца тое, чаго найменш хоча Лукашэнка – вырасце залежнасць Беларусі ад Расіі. Гутарку хутчэй за ўсё будзе ісці аб размяшчэнні ў Беларусі расійскіх сілаў супрацьпаветранай абароны пад кіраваннем расійскіх ваенных, стварэнне тут расійскіх баз. Што б ні думалі ў кіраўніцтве Польшчы, у кіраўніцтве Беларусі гэта будзе ўспрынята як новая пагроза.
Што ж, зусім інакш справа выглядае з пункту гледжання вайсковых інтарэсаў польскай дзяржавы. Улады Польшчы паступаюць згодна старой лацінскай прымаўцы «Хочаш міру – рыхтуйся да вайны». У галовах польскіх дзяржаўных дзеячаў няма ваяўнічых ідэяў, памкнення заваяваць тэрыторыю бліжэйшых або далейшых суседзяў. Але яны добра памятаюць зусім недалёкую гісторыю сваёй краіны, якая 123 гады была пад панаваннем між іншым Расейскай імперыі, а пазней, цягам паўстагоддзя, была васалам Савецкага Саюзу. Таму Польшча набывае сучасную ваенную тэхніку, між іншым самалёты F-35. Паводле кантракту, разам з самалётамі Польшча набудзе таксама запасныя часткі, падрыхтоўку персаналу, трэніровачную тэхніку і розныя дадатковыя паслугі з боку ўраду ЗША.
нг