25 мая раніцай Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі свайго кабінета пачала афіцыйны візіт у Кіеў. Аб візіце лідарка беларускіх дэмсілаў дамовілася падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ерэване з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам. Раней была гутарка Ціханоўскай з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, але гэта першы яе афіцыйны візіт ва Украіну, нягледзячы на тое, што офіс здаўна прыкладаў намаганні, каб такі візіт адбыўся.
Чаму толькі цяпер? На думку доктара паліталагічных навук Паўла Усава, раней сітуацыя расійска-украінскай вайны не спрыяла кантактам з беларускай апазіцыяй. А цяпер сітуацыя на фронце змянілася, таму мяняецца і стаўленне Украіны да такіх кантактаў.
— Раней Кіеў не да канца разумеў прыярытэты і арыентацыю Ціханоўскай і яе атачэння, яе нежаданне акрэсліць пазіцыю адносна Крыма і ўсходу Украіны, што было характэрна для ўсіх удзельнікаў кампаніі 2020 году. Украінскі бок вельмі асцярожна падыходзіў да Ціханоўскай і ніякіх практычных задач не ставіў. Асноўным суб’ектам, з якім афіцыйны Кіеў развіваў адносіны, быў Полк Каліноўскага, як аб’яднанне, гатовае да канца адстойваць інтарэсы як Украіны, так і Беларусі. Але сітуацыя ў палку пагоршылася, у выніку ўнутраных канфліктаў знікла палітычная актыўнасць.
Пакуль ваенная ініцыятыва была на баку Масквы да канцам 2025 году, Кіеў намагаўся не націскаць на Мінск, не праводзіць аперацый, якія маглі б прывесці да таго, што Беларусь стала б яшчэ больш актыўным удзельнікам расійскіх вайсковых дзеянняў. Цяпер змянілася актыўнасць Украіны, яна фактычна перахапіла ініцыятыву на фронце, ужо не апасаецца ніякіх дзеянняў з боку Лукашэнкі. Таму назіраем узмацненне розных інфармацыйна-псіхалагічных аперацый уздзеяння на Лукашэнку як з вуснаў Зяленскага, так і Броўдзі (Мадзяр), які адказвае за войскі беспілотных апаратаў. Украіна перайшла ў інфармацыйна-псіхалагічны наступ. І Ціханоўская з’яўляецца элементам гэтай аперацыі. Не думаю, каб візіт меў нейкія практычныя наступствы для беларускай апазіцыі. А Украіна зацікаўленая ў зацягванні апазіцыі ў гэтыя гульні.
Ціханоўская паехала ў Кіеў, а Лукашэнка надоечы правёў тэлефонную гутарку з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Пра яе паведаміла адміністрацыя кіраўніка Беларусі. Аб чым сведчыць гэты званок?
— Проста так такія званкі не адбываюцца. Тут шмат узроўняў. Лукашэнка будзе весці дыялог з ЗША, з удзелам ці без удзелу Еўропы. Злучаныя Штаты будуць націскаць на памежныя краіны, каб яны адкрылі транзіт для белкалію і іншых тавараў. Францыя заяўляе пра геапалітычныя амбіцыі стварыць ядзерны парасон над Усходняй Еўропай, калі ЗША намераны сыходзіць з Еўропы. Францыя бачыць для сябе гістарычны момант вярнуцца ў геапалітычную гульню. Яна выкарыстоўвае ядзерныя вучэнні, якія праводзяць Расія і Беларусь, намагаецца або ўплываць на Лукашэнку, або прапанаваць новыя стратэгічныя ініцыятывы. Гэта можа прывесці да дэізаляцыі Беларусі, а для Лукашэнкі гэта дэманстрацыя таго, што ён суб’ектны гулец. Гэта можа стаць пачаткам адлігі.
Слухайце далучаны гукавы файл
нг