Беларуская Служба

ЗША мяркуе, што Еўропа павінна ўвесці санкцыі супраць "групы Вагнэра"

28.11.2019 12:31
У сваю чаргу Масква аспрэчвае, быццам бы расійскія наёмнікі бяруць удзел у лівійскім канфлікце.
Zbombardowany areszt dla nielegalnych imigrantów na przedmieściach Trypolisu
Zbombardowany areszt dla nielegalnych imigrantów na przedmieściach TrypolisuTwitter @Lyobserver

Асістэнт дзяржсакратара ЗША Дэвід Шэнкер (David Schenker) заявіў, што еўрапейскія краіны павінны ўвесці санкцыі супраць расійскай кампаніі наёмнікаў, якую называюць «групай Вагнэра» і дадаў, што дзейнасць Расіі пагражае бяспецы Лівіі. Пра гэта піша сайт Niezalezna.pl.

Шэнкер згадаў пра гэта, калі казаў у ЗША пра свае перамовы на тэму лівійскага канфлікту ў Парыжы і Рыме. Паводле яго словаў, у Лівіі па баку генерала Хафтара змагаюцца расійскія наёмнікі і салдаты рэгулярнай арміі Расіі. На яго думку, гэта вельмі дэстабілізуе сітуацыю. Таму, кажучы пра пагрозы з боку Расіі, Шэнкер заклікаў увесці санкцыі супраць групы Вагнэра.

Незалежнае тэлебачанне «Дождж» нагадала, што з 2017 году на дадзеную групу накладзеныя санкцыі ЗША. У сваю чаргу Масква аспрэчвае, быццам бы расійскія наёмнікі бяруць удзел у лівійскім канфлікце. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў скрытыкаваў словы Шэнкера. «Пастаянна чуваць закіды, што нейкія ваенныя групы дзейнічаюць на ўсім свеце і амаль што вырашаюць лёс або дэстабілізуюць сітуацыю», – заявіў прадстаўнік Крамля.

На пачатку лістапада штодзённае выданне ««New York Times» напісала, што ў Лівіі на працягу апошніх шасці тыдняў было каля 200 расійскіх наёмнікаў, сярод якіх – снайперы з групы Вагнера. Наёмнікі, пісала выданне, змагаюцца на баку Хафтара, які ваюе з уладамі Лівіі, прызнанымі міжнароднай грамадскасцю. Пра прысутнасць у Лівіі расійскіх наёмнікаў раней паведамлялі таксама іншыя крыніцы.

Пасля звяржэння дыктатуры Муамара Кадафі ў Лівіі працягваецца грамадзянская вайна – на захадзе краіны сфармаваны ўрад нацыянальнага адзінства, а на ўсходзе – урад Лівійскай нацыянальнай арміі, маршалам якога назваўся генерал Хафтар.

нг

на здымку - наступствы бамбардзіроўкі на прадмесцях Трыпалі, Лівія