Беларуская Служба

РИА Новости паўтарае хлусню, што палякаў забівалі не супрацоўнікі НКВД, а немцы

06.03.2020 12:08
Гэта выглядае як правакацыя, асабліва калі ўзяць пад увагу, што набліжаецца 80-ая гадавіна катынскага злачынства.
Katyń - cmentarz wojenny
Katyń - cmentarz wojennyShutterstock.com / EhayDy

Учора, у 80-ую гадавіну падпісання Сталіным смяротнага прысуду тысячам польскіх ваеннапалонных, расійскае ўрадавае агенцтва паўтарыла хлусню, што палякаў забівалі не супрацоўнікі НКВД, а немцы – паведамляе Rzeczpospolita.

Рэдакцыйны тэкст (не падпісаны прозвішчам аўтара) цалкам абапіраецца на кнізе мала каму вядомага «палітолага і гісторыка» Уладзіслава Шведа, у якой сцвярджаецца, што Катынь была справай рук нацыстаў, а не сталінскага кіраўніцтва НКВД. У матэрыяле напісана, што кропка над і ў гэтай гісторыі не пастаўлена да сённяшняга дня. Швед – камуністычны дзеяч яшчэ савецкай Літвы, які да канца змагаўся супраць незалежнасці краіны. На пачатку 90-ых ён уцёк з Літвы – спачатку ў Беларусь, а пазней у Расію.

Выданне нагадвае, што ў 1990 годзе кіраўніцтва Савецкага Саюзу назвала забойцаў пайменна, а ў 2010 годзе Дзяржаўная Дума прыняла ўхвалу, у якой было напісана, што «польскіх грамадзян у Катыні расстрэльвалі па непасрэднымі загадзе Сталіна ды іншых членаў савецкага кіраўніцтва».

Публікацыя РИА Новости аспрэчвае афіцыйную пазіцыю расійскага ўраду. Гэта выглядае як правакацыя, асабліва калі ўзяць пад увагу, што набліжаецца 80-ая гадавіна катынскага злачынства. Ёсць у Расіі камуністы, якія накшталт сектантаў свята вераць, што забівалі немцы, а ўсе доказы, што страляла НКВД, былі сфабрыкаваныя. Аднак гэта дзяржаўны СМІ, таму цікава, хто за гэта будзе пакараны і панясе адказнасць, – адзначае расійскі дысідэнт і праваабаронца Леў Панамароў. – Калі ніхто не адрэагуе, гэта будзе азначаць, што хтосьці з уладных структур падзяляе такі погляд, а можа нават імкнецца перашкодзіць прыезду польскай дэлегацыі на ўрачыстасці.

нг

на здымку - польскія ваенныя могілкі, Катынь, РФ