Беларуская Служба

Немцы не жадаюць, каб у Еўропе былі размешчаныя амерыканскія вайсковыя падраздзяленні

25.05.2020 14:20
Такім чынам, Германія аслабляе моц альянсу і абаронную магутнасць Еўропы.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneŁukasz Kowalski/Polskie Radio/IAR

Выданне Do Rzeczy друкуе інтэрв’ю з генералам Войска Польскага Раманам Полькам (Roman Polko). Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра адносіны ўладаў Германіі да НАТА і атамнай зброі. Немцы не жадаюць, каб у Еўропе былі размешчаныя амерыканскія вайсковыя падраздзяленні, асабліва калі яны маюць у распараджэнні ядзернае ўзбраенне. Такім чынам, мяркуе Полька, Германія аслабляе моц альянсу і абаронную магутнасць Еўропы. Калі назіраецца рэальная пагроза з боку Расіі, дзеянні якой немагчыма прадбачыць, а пры гэтым яна мае атамны арсенал, найлепшым выхадам было б запрасіць амерыканскія войскі, каб яны знаходзіліся на нашай тэрыторыі на пастаяннай аснове.

Амерыканская прысутнасць нясе стабільнасць еўрапейскаму кантыненту, асабліва цяпер, калі важнейшыя дзяржавы Еўропы забываюць, наколькі важна клапаціцца пра ваенную бяспеку. Толькі дзяржавы, якія адчуваюць непасрэдную пагрозу, павялічваюць выдаткі на абарону, каб будаваць уласную бяспеку. Гэта Польшча, Літва, Эстонія.

Калі нядаўна ў Польшчы ладзіліся ваенныя манеўры «Анаконда», Германія не хацела прапусціць амерыканскіх салдат праз сваю тэрыторыю. Гэта праблема, таксама як выказванні прэзідэнта Францыі, які кажа, што Еўропа павінна будаваць абароназдольнасць таксама супраць ЗША. Гэта ўсё аслабляе НАТА, калі яшчэ з другога боку назіраецца праблема з Турцыяй, якая, парушаючы адзіную палітыку бяспекі, купляе расійскія сістэмы супрацьракетнай абароны.

Расія здаўна вядзе гібрыдную вайну супраць дзяржаваў НАТА, а члены альянсу надта часта хаваюцца за палітычнай карэктнасцю, якая не дазваляе казаць наўпрост пра цяжкасці ў адносінах з Масквой, хаця ўсе ведаюць, што такія цяжкасці ёсць. Канешне, гаворка ідзе не пра прамую атаку расійскіх войскаў, якія ўвойдуць на польскую тэрыторыю, а пра інфармацыйную атаку, спробу выклікаць хаос, зменшыць давер да дзяржаўных уладаў, распаліць грамадскую варожасць.

нг