Беларуская Служба

Расце напружанне паміж ЗША і ФРГ з-за «Паўночнага патоку-2»

10.06.2020 07:01
ЗША рыхтуюць новыя санкцыі, якія Берлін называе «варожым актам супраць саюзнікаў».  
Nord Stream 2
Nord Stream 2Shutterstock/Stefan Dinse

Злучаныя Штаты Амерыкі рыхтуюць новыя санкцыі, каб перашкодзіць у заканчэнні будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток-2», паведаміў у канцы мая ў інтэрв'ю нямецкай газеце Handelsblatt пасол ЗША ў Германіі Рычард Грэнэл. Цяпер гэтае ж выданне паведамляе пра крытычную рэакцыю нямецкіх палітыкаў на ініцыятыву амерыканцаў.

Нагадаем, у канцы мая дыпламат заявіў, што ўвядзенне далейшых санкцый падтрымалі прадстаўнікі дзвюх галоўных палітычных сіл у ЗША – Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый. Грэнэл сказаў, што заканадаўчая праца па ўвядзенні санкцый неўзабаве будзе завершаная.

Адначасова пасол падвергнуў крытыцы афіцыйны Берлін за падтрымку звязанага з «Газпромам» праекту. «Германія павінна перастаць карміць пачвару, асабліва цяпер, калі мала плаціць на карысць НАТА», – зазначыў афіцыйны прадстаўнік ЗША.

У кулуарах гаворыцца пра санкцыі супраць фірм, якія будуць займацца абслугоўваннем газаправода. Частка палітыкаў у Вашынгтоне выступае таксама за санкцыі ў адносінах да пакупнікоў газу, які будзе пастаўляюцца па «Паўночным патоку-2».

Сваю пазіцыю ЗША абгрунтоўваюць тым, што будаўніцтва газаправода па дне Балтыкі прывядзе да яшчэ большай залежнасці Еўропы ад расійскага газу. Пазіцыю ЗША падтрымліваюць, у прыватнасці, Польшча і Украіна.

Цяпер газета Handelsblatt піша пра тое, што амерыканскія санкцыі могуць моцна ўдарыць менавіта па нямецкіх кампаніях і прывесці да спазнення ў здачы газаправода ў эксплуатацыю, які гатовы на 94%. Акрамя таго, санкцыі стануць прычынай сурʼёзнага напружання ў адносінах паміж Вашынгтонам і Берлінам. Адзін з вядучых палітыкаў кааліцыйнага Хрысціянска-дэмакратчнага саюза Германіі Яахім Пфайфер назваў планы ЗША «варожым актам супраць саюзнікаў». Ён таксама зазначыў, што газаправод па дне Балтыкі прынёс большую бяспеку шляхоў паставак газу ў Еўропу і іх дыверсіфікаваў.

Палітык іншай кааліцыйнай партыі, Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Бернд Вештпаль таксама раскрытыкаваў амерыканскую ідэю, зазначыўшы, што Нямеччына – суверэнная краіна, і самастойна будзе прымаць рашэнні адносна таго, якую эканамічную палітыку праводзіць, паведамляе газета Handelsblatt, якую цытуе партал Польскага радыё.

вс