Беларуская Служба

13 чэрвеня Польшча адкрывае межы

12.06.2020 15:55
Будуць толькі выпадковыя праверкі, а палякам пасля вяртання ў Польшчу не давядзецца праходзіць абавязковы каранцін.
Аўдыё
  • Польшча адчыняе межы з краінамі ЕЗ
 .
Польская мяжа. Здымак мае ілюстрацыйны характарPAP/Michał Zieliński

Таксама грамадзяне Еўразвязу змогуць уехаць у Польшчу без якіх-небудзь перашкод.

Гэта вынікае з таго, што Польшча адмяняе часовы памежны кантроль на ўнутраных межах ЕЗ, уведзены ў сакавіку, заявіў польскі прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі.

- Дагэтуль мы казалі, што межы будуць зачыненыя. Да пятніцы 12 чэрвеня да 24 гадзіны. Мы вырашылі адкрыць межы. Ад 13 чэрвеня мяжы будуць адкрыты для краін Еўразвяза. Так як было раней. Пакуль мы абмяжоўваем наша рашэнне краінамі ЕЗ. На іншых кантынентах, асабліва ў Амерыцы, яшчэ высокі ўзровень захворванняў ды памерлых.

Бачна, што эпідэмія праходзіць там вельмі небяспечна. Таму пакуль мы абмяжоўваемся краінамі Еўразвязу.

Гэткім чынам Варшава выканала рэкамендацыі Еўракамісіі, каб адчыніць межы да канца месяца. Пра што казала еўракамісар па ўнутраных справах Йльва Ёхансан.

- Некалькі тыдняў таму, мы рэкамендавалі да канца гэтага месяца адчыніць межы. Гэтую прапанову падтрымала шмат краін чальцоў ЕЗ. Некаторыя ўжо вырашылі зняць памежныя абмежаванні. Мы плануем завершыць гэты працэс да канца месяца. Некалькі краін заявілі, што пакуль яны не гатовыя адкрыцца. Яны далучацца пазней у залежнасці ад сітуацыі.

Разам з тым самой Польшчы патрэбныя кантакты з Еўрапейскімі краінамі, каб адносіны як мага хутчэй вярнуліся да ранейшага стану, пераконваў суайчыннікаў польскі прэмʼер.

- Гэта той абшар, на якім жывуць палякі і з якім звязана Польшча, якім мы цікавімся. Мы лічым, што больш да нас прыедзе турыстаў з Еўропы, і мы зможам хутчэй адбудаваць нашу турыстычную галіну.

Таму ў ноч з 12 на 13 чэрвеня Польшча адновіць поўны памежны рух на ўнутраных межаў Еўрапейскага Звязу. З гэтага часу службы, якія знаходзяцца на мяжы, будуць праводзіць выпадковыя праверкі. Менавіта так было да пандэміі каранавіруса і ўвядзення памежных абмежаванняў у Польшчы.

Гэта азначае, што з суботы 13 чэрвеня палякі ды еўрапейцы змогуць свабодна падарожнічаць і перасякаць унутраныя межы Еўрапейскага звязу. Падарожнікі зноў атрымаюць права на бясплатны ўезд, выезд і транзіт праз тэрыторыю Рэспублікі Польшча. Ім ня трэба будзе праходзіць каранцін. Суседнія краіны ўжо праінфармаваны пра рашэнне польскага ўраду. Дзякуючы гэтаму яны паспяваюць падрыхтавацца да зменаў.
Аднак вонкавыя межы ЕЗ застаюцца закрытымі. Іх адкрыццё запланавана на пачатак ліпеня.

Пры гэтым, не ўсе краіны ЕЗ адкрылі свае межы для палякаў. Пакуль палякі не перасякаюць мяжу са Славеніяй. Урад у Любляне вырашыў забараніць уезд для польскіх грамадзянаў. Славакія зрабіла тое ж самае. З чым гэта звязана тлумачыць імунолаг Павал Гжэсёўскі.

- Нашу краіну ўспрымаюць як нестабільную з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Гэта не заахвочвае да прыезду. Аднак, калі паглядзеў на ўсю Польшчу, у большасці паветаў няма агмянёў захворвання і сітуацыя стабільная.

Што тычацца адпачынкаў, вядома ўжо, што палякі змогуць уехаць у Італію, Чарнагорыю, а таксама Харватыю і Балгарыю. На наступным тыдні Грэцыя, Аўстрыя і Кіпр далучацца да гэтага спісу. На пачатку ліпеня турыстаў пачне прымаць Іспанія. З 16 чэрвеня аднаўляюцца міжнародныя авіяспалучэнні. Гэтаму радуюцца прадстаўнікі турыстычнай галіны, гаворыць віцэ-прэзідэнт Польскай турыстычнай палаты Анджэй Кіндлер.

- Турызм не можа працаваць выключна на ўнутраным турызме. Уся галіна патрабуе адкрытасці на Еўропу і свет.

Пры гэтым даследаванні паказваюць, што гэтым летам з-за эпідэміі шмат палякаў застануцца ў краіне. У пяць разоў менш людзей плануюць паездку за мяжу, чым летась. Будзе больш людзей, якія правядуць свой адпачынак у краіне ці нават адмовяцца ад вандровак.

Юры Ліхтаровіч