Беларуская Служба

Ці Лукашэнка дапусціць, каб на выбарах 9 жніўня ў яго былі сур’ёзныя канкурэнты?

12.06.2020 14:53
Ён зробіць усё, каб так не сталася, хаця бачна, што Лукашэнка не спадзяваўся такога развіцця падзей.
иллюстрацияФото: www.pixabay.com

Выданне правай арыентацыі Sieci піша пра падзеі ў Беларусі, нагадвае, што дзясяткі тысячы людзей карыстаюцца выбарчай кампаніяй, каб прадэманстраваць свой супраціў адносна дзейснага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Людзі цярпліва чакаюць у даўжэзных чэргах, каб падпісацца за апанентаў галавы дзяржавы. Улады не спадзяваліся, што легальны збор подпісаў можа пераўтварыцца ў маніфестацыю падтрымкі апазіцыі.

Ці Лукашэнка дапусціць, каб на выбарах 9 жніўня ў яго былі сур’ёзныя канкурэнты? Ён зробіць усё, каб так не сталася, хаця бачна, што Лукашэнка не спадзяваўся такога развіцця падзей. Выбары павінны былі стаць спакойным пераабраннем «бацькі» на шосты тэрмін паўнамоцтваў, без эксцэсаў, але ў гэтым сцэнары нешта пайшло не так, сілавікі праспалі.

Сам Лукашэнка стараецца згуляць картай незалежнасці, падкрэсліваючы, што толькі ён гарантуе незалежнасць краіны. Палітолагі з дзяржаўных даследчых цэнтраў адзначаюць, што альтэрнатыўныя кандыдаты – Цапкала, Ціханоўскі ды Бабарыка – гэта кандыдаты Масквы, якая пачала ў Беларусі аперацыю па звяржэнні Лукашэнкі або, калі б гэта не ўдалося, па такім аслабленні рэжыму, каб яму прыйшлося пайсці на саступкі ў адносінах Расіі. Палітычны аналітык Юрый Царык з Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў мяркуе, што ў Беларусі не з’явіцца мірны прарасійскі рэфарматар накшталт Мірзіёева з Узбекістану. Лукашэнка не аддасць улады, а нават калі ўдасца яе адабраць, неабходна падрыхтавацца на рэпрэсіі, праліву крыві ды ўнутраных страсенняў, а ўсё скончыцца ўвядзеннем расійскіх войскаў.

Расійскія СМІ з задавальненнем назіраюць за падзеямі ў Беларусі. На думку каментатараў, рэпрэсіі Лукашэнкі супраць апазіцыі пазбавяць яго магчымасці атрымаць падтрымку з Захаду, а толькі ў гэтым годзе яму патрэбныя 2,6 млрд. долараў. У такой сітуацыі яму прыйдзецца звярнуцца да Масквы, якая ўзамен за фінансавую дапамогу запатрабуе паглыбленай інтэграцыі.

Калі ж Лукашэнка страціць уладу, то новая кіроўная каманда, нават калі і будзе больш дэмакратычнай, то будзе значна слабейшай. І паўторыцца механізм, які можна назіраць у Арменіі, дзе ў 2018 годзе перамагла аксамітная рэвалюцыя. Новыя ўлады дэмакратычныя, але ў замежнай палітыцы не могуць сабе дазволіць на такую незалежнасць, як папярэдняя каманда. У выніку іх палітыка значна больш прарасійская, а гэта адпавядае Крамлю.

нг