Беларуская Служба

У Польшчы ўпаў і выбухнуў невядомы аб'ект. Войска рэагуе

20.08.2025 08:53
Выбух выбіў шыбы ў трох суседніх дамах, але людзі не пацярпелі.
Месца выбухуGoogle Map

У Асінах, у Лукаўскім павеце Люблінскага ваяводства адбыўся выбух невядомага аб’екта, які ўпаў на кукурузнае поле. Паліцыя вывучае абгарэлыя металічныя і пластыкавыя фрагменты, знойдзеныя на месцы.

Уначы з аўторка на сераду, 20 жніўня, жыхары вёскі Асінаў у Лукаўскім павеце былі шакаваныя выбухам. Як заявіў прадстаўнік паліцыі Лукава Марцін Юзвік, паведамленне пра выбух паступіла пасля другой гадзіны ночы.

На месцы здарэння выяўлены абгарэлыя металічныя і пластыкавыя асколкі, раскіданыя ў радыусе некалькіх дзясяткаў метраў. Выбух выбіў шыбы ў трох суседніх дамах, але людзі не пацярпелі.

«Што да інфармацыі пра выяўленыя абломкі аб’екта на тэрыторыі Лукаўскага павета, паведамляем, што пасля правядзення папярэдняга аналізу запісаў радыёлакацыйных сістэм мінулай ноччу не зафіксавана парушэння польскай паветранай прасторы ні з боку Украіны, ні з боку Беларусі», —  паведамілі ў Аператыўным камандаванні відаў Узброеных сіл Польшчы.


PAP/эж