Былы прэм’ер-міністр Бельгіі, кіраўнік аднаго з рэгіёнаў дзяржавы, Валоніі, звярнуўся ў Еўрапейскую камісію з просьбаю накласці пакаранне на прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду за ягоныя словы пра ідэалогію ЛГБТ – піша Niezalezna.pl.
Эліа дзі Рупо (Elio Di Rupo) адкрыта дэкларуе свой гомасексуалізм. Ён таксама называе сябе атэістам і масонам. Рупо назваў словы Дуды «надзвычайнай агрэсіяй», а самога прэзідэнта акрэсліў як чалавека, які «адкрыты гамафоб» і заклікаў Еўракамісію ды камісара па пытаннях вяршэнства закона распачаць працэдуру паводле сёмага артыкулу Дамовы аб ЕС, які дазваляе прыпыніць права голасу ў Радзе ЕС.
На гэтыя словы бельгійскага палітыка адрэагаваў намеснік прэс-сакратара кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Радаслаў Фогель: «Яго рэакцыя паказвае, як некаторыя стараюцца інструментальна выкарыстаць інстытуты ЕС дзеля вырашэння сваіх палітычных мэтаў. У дыскурсе паявілася слова «вяршэнства закона». Раней мы чулі, што Польшча парушае прынцып вяршэнства закона, бо хоча, каб грамадзяне мелі большы ўплыў на тое, хто займае пасады суддзяў Вярхоўнага суду. Цяпер мы чуем, што польскі прэзідэнт падпісаў Хартыю сям’і, раптам гэта кідаюць у мяшок з надпісам «вяршэнства закона» і падымаюць трывогу».
У суботу падчас наведвання мясцовасці Бжэгі прэзідэнт А. Дуда шмат увагі прысвяціў пытанню ідэалогіі ЛГБТ. «Нас спрабуюць пераканаць, што гэта людзі. А гэта проста ідэалогія. Калі хтосьці сумняецца, ці гэта ідэалогія, то хай зазірне на старонкі гісторыі і ўбачыць, як выглядала на свеце будаванне руху і ідэалогіі ЛГБТ, якія погляды прадстаўлялі тыя, хто гэтую ідэалогію будаваў. Не дзеля таго пакаленне маіх бацькоў змагалася 40 гадоў з камуністычнай ідэалогіяй, каб цяпер у школы прыйшла новая ідэалогія», – заявіў А. Дуда.
нг