Выданне Rzeczpospolita піша пра «апошні шанец на Форт Трамп». Гаворка ідзе пра амерыканскую ваенную базу ў Польшчы, якую абяцаў заснаваць амерыканскі прэзідэнт, але нейкі час таму паявіліся звесткі, што базы быццам бы не будзе. Афіцыйна ўсё ў парадку, адзначае выданне, у чацвер пасол ЗША ў Польшчы напісала ў сацсетках, што перамовы ідуць згодна плану.
Аднак ёсць трывожныя сігналы. Польшча, таксама, як і Германія, не была праінфармаваная пра планы Белага дому зменшыць на больш чым адну чацвёртую кантынгент ЗША ў Германіі, хаця гэта мае вельмі важнае значэнне для бяспекі Польшчы. Ніхто ўжо таксама не кажа, а гэта было абяцана раней, што частка амерыканскіх салдат пасля ваенных манеўраў «Defender Europe» застанецца ў Польшчы.
Дэкларацыя пра ўмацаванне прысутнасці ваенных сілаў ЗША ў Польшчы пагучала год таму, 12 чэрвеня, падчас сустрэчы прэзідэнтаў Анджэя Дуды і Дональда Трампа. Месяц таму выданне пісала, што рэалізацыя плану адбываецца з вялікімі цяжкасцямі. Да гэтага часу не ўдалося вырашыць, дзе будзе размешчаны палігон бранятанкавай брыгады, а таксама вырашыць пра канкрэтны выгляд іншых элементаў дэкларацыі.
Умовай таго, каб у Польшчы была пашырана амерыканская ваенная прысутнасць, з’яўляецца пераабранне Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША. Аднак яго папулярнасць у грамадстве падае, цяпер яна складае каля 39%. Амерыканцы памятаюць, што ён са спазненнем адрэагаваў на эпідэмію каранавіруснай інфекцыі, а пазней многім не падабалася рэакцыя галавы дзяржавы на пратэсты пасля забойства паліцэйскім чарнаскурага Джорджа Флойда.
нг