Тэму асвятляе штодзёнка «Gazeta Wyborcza».
13 тысяч жаўнераў прайшлі маршавым крокам – 120 крокаў на мінуту – па Чырвонай плошчы ў Маскве, за імі праехалі 234 баявыя машыны, а ў небе праляцелі 75 верталётаў ды самалётаў. Такім быў учорашні маскоўскі парад, піша выданне.
Гэтай акцыяй Пуцін хацеў нагадаць свету пра вялізарны ўнёсак СССР у перамогу над Гітлерам. Паводле Крамля, гэтыя заслугі даюць сённяшняй Расіі асаблівыя правы. У першую чаргу, ідзецца пра «новую Ялту», то бок Масква хацела б разам з іншымі звышдзяржавамі вызначыць новы «сусветны парадак», які б дзяліўся на «зоны адказнасці» вялікіх дзяржаў, якім будуць падпарадкоўвацца меншыя краіны.
Гэтыя словы былі скіраваныя да непрысутных у Маскве лідараў замежных краін. У Маскву адважыўся прыехаць толькі прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. Рэшта лідараў праігнаравала маскоўскі парад.
Кіраўнікам краін СНД Пуцін нагадаў пра тое, што яны вышлі з СССР з тым, што атрымалі ад Расіі. Пуцін меў на ўвазе былыя расійскія землі. У якасці аргумента расійскае кіраўніцтва паказала навінкі ўзбраення. Гэтыя словы не спадабаліся асабліва прэзідэнтам Беларусі ды Казахстана, піша выданне.
юл