Сустрэча Анджэя Дуды і Дональда Трампа адбылася за тры дні да прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы. Амерыканскі лідар падтрымаў кандыдатуру Анджэя Дуды.
Пасля сустрэчы было паведамлена, што частка амерыканскіх жаўнераў, якая будзе выведзеная з Германіі, будзе пераведзеная ў іншыя часткі Еўропы, у тым ліку ў Польшчу. Дональд Трамп падкрэсліў, што Германія не выконвае свае абавязацельствы аб выдатках на абарону ў рамках НАТА.
Акрамя таго, у бліжэйшым часе будзе падпісаная дамова паміж урадамі Польшчы і ЗША аб супрацы падчас будовы польскай АЭС. Гаворка ішла пра пакупку тэхналогіі ў адной з амерыканскіх фірм.
Анджэй Дуда падзякаваў Дональду Трампу за сумесную дэкларацыю, у рамках якой палякі і амерыканцы будуць супрацоўнічаць у даследаваннях над прышчэпкай і лекамі на Covid-19. Прэзідэнты абавязаліся да супрацы пры навуковых даследаваннях, хоць падрабязнасці не паведамляліся. Палітыкі таксама хочуць разам адбудоўваць гаспадарку абедзвюх краін пасля пандэміі.
У выдадзенай заяве прэзідэнты таксама абавязаліся змагацца з дэзінфармацыяй, якая ў першую чаргу тычыцца гістарычных фактаў з часу Другой сусветнай вайны.
Гэта быў трэці візіт прэзідэнта Анджэя Дуды ў Белым доме.
У інтэрвію Польскаму радыё Анджэй Дуда адзначыў, што ў час яго прэзідэнтуры і прэзідэнтуры Дональда Трампа супраца Польшчы і ЗША паднялася на ўзровень, на якім не была ніколі:
-Сёння эфекты гэтай палітыкі бачныя. Гэта рост вайсковай прысутнасці ЗША ў Польшчы. Гэта газавыя дамовы, дзякуючы якім павялічваецца нашая энергетычная бяспека. Гэта інвестыцыі вялікіх амерыканскіх фірмаў. Апошнім часам Microsoft абвясціў мільярдную інвестыцыю. Google заявіла пра інвестыцыю ў 2 млрд. Гэта вынік нашай супрацы, вынік маіх сустрэч з прадстаўнікамі гэтых фірм на працягу апошніх пяці гадоў у ЗША і таксама ў Польшчы. Такія прыклады можна множыць. Хопіць сказаць, што абароты паміж краінамі ў часе нашых прэзідэнтураў выраслі на 50%. Гэта велізарная змена. ЗША становяцца ўсё больш сур’ёзным гаспадарчым партнёрам Польшчы. Я гэтым вельмі задаволены, бо гэта самая буйная гаспадарка ў свеце.
Прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер гаворыць, што ўчорашняя сустрэча прэзідэнта Анджэя Дуда ў Вашынгтоне была пацверджаннем стратэгічнага саюзу Польшчы і ЗША. Ён дадаў, што добрыя адносіны са Злучанымі Штатамі гарантуюць бяспеку Цэнтральна-Усходняй Еўропе.
Пётр Мюлер нагадаў, што ў апошнія гады прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы павялічылася ў некалькі разоў:
-У сувязі з гэтым канкрэтныя вынікі ўжо ёсць на польскай зямлі. Канкрэтныя пункты аб прысутнасці амерыканскіх войскаў у Польшчы ў рамках НАТА ўжо ёсць. Гэтых жаўнераў больш і гэта павялічвае нашую бяспеку. Не без прычыны гэта выклікае пэўныя негатыўныя сігналы з боку Расіі. Яны вынікаюць з ведаў, што пазіцыя Польшчы і яе бяспека павялічваюцца.
Кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык сказаў, што візіт Анджэя Дуды ў ЗША быў кароткі, але паспяховы. Паводле яго, учорашняя сустрэча прынясе плёны ў будучыні:
-Я перакананы, што гэта крок у напрамку чарговых дамоваў, якія паўплываюць на развіццё польскай гаспадаркі. Я думаю тут пра інвестыцыі. А таксама пра паглыбленую супрацу ў сферы абароны.
Візіт Анджэя Дуды ў Белым доме не прайшоў без крытыкі. Прэзідэнта крытыкуюць яго апаненты. –Візіт прэзідэнта Анджэя Дуды ў ЗША быў непадрыхтаваны, няма яго эфектаў, паяўляецца пытанне: хто за гэта заплаціць, – гаварыў у чацвер кандыдат у прэзідэнты ад Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш. –Я не бачу эфектаў, апрача здымка, што цяпер стаіць Трамп, а сядзіць Дуда. Раней сядзеў Трамп, а стаяў Дуда – гэта так дробна. Бачна, што гэта было зроблена пад выбары, – сцвердзіў Касіняк-Камыш.
Брытанская «The Times» звяртае ўвагу, што амерыканскі прэзідэнт парушыў дыпламатычную канвенцыю, выразна падтрымліваючы пераабранне Анджэя Дуды ў апошнія дні выбарчай кампаніі. Газета падкрэслівае, што хоць не было канкрэтнай інфармацыі аб тым, колькі амерыканскіх жаўнераў будзе пераведзена ў Польшчу, то гэта можа быць каштоўнай падтрымкай для польскага прэзідэнта, рэйтынгі якога ў апытаннях набліжаюцца да ўзроўню яго галоўнага суперніка Рафала Тшаскоўскага.
ав