Беларуская Служба

Тшаскоўскі пачаў бой за галасы Шымона Галоўні

02.07.2020 13:09
Пазасістэмны кандыдат Галоўня высунуў кандыдату «Грамадзянскай кааліцыі» Тшаскоўскаму чатыры патрабаванні.
Rafał Trzaskowski
Rafał TrzaskowskiPAP/Tytus Żmijewski

Без прыцягнення электарату Галоўні мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі не можа разлічваць на перамогу. Аднак выбарцы пазасістэмнага Галоўні не з’яўляюцца маналітнай і аднастайнай групай і менавіта на гэта разлічвае дзеючы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, пішуць у штодзённцы Rzeczpoposlita.

10 мільёнаў – прыкладна столькі галасоў павінен набраць Рафал Тшаскоўскі, каб стаць прэзідэнтам. А гэта значыць, што больш за 2,6 млн палякаў, якія прагаласавалі за Шымона Галоўню 28 чэрвеня, павінны знайсці важную прычыну, каб 12 ліпеня зноў прыйсці на выбарчыя ўчасткі.

Ці яны пойдуць? Няма ўпэўненасці ў тым, што гэта адбудзецца, нават пасля «Livestream» (дыялогу ў прамым эфіры) Шымона Галоўні і Тшаскоўска. Дыялог адбыўся пад лозунгам «Беспартыйнае прэзідэнцтва».

- Я хацеў бы, каб гэтая сустрэча дапамагла нашым прыхільнікам сфармуляваць сваё меркаванне – заявіў Галоўня пасля размовы з Тшаскоўскім. Напярэдадні Шымон Галоўня заявіў, што прагаласуе супраць прэзідэнта Анджэя Дуды. Нагадаем, у другім туры выбар невялікі, калі супраць Дуды – то за Тшаскоўскага.

Пазасістэмны кандыдат Галоўня высунуў кандыдату «Грамадзянскай кааліцыі» Тшаскоўскаму чатыры патрабаванні: выкарыстанне прэзідэнцкага вета з мэтай абароны клімату і мясцовага самакіравання, блакаванне законаў, прынятых без грамадскіх кансультацый, маштабны аўдыт у бюджэтных кампаніях і беспартыйнае прэзідэнцтва.

- Я ўключаю гэтыя пастулаты ў сваю праграму – імкліва запэўніў Ташскоўскі, таксама ён паабяцаў, што ў выпадку сваёй перамогі, пасады ў Канцылярыі прэзідэнта зоймуць беспартыйныя людзі.

Штаб Рафала Тшаскоўскага намагаецца выбудаваць імідж кандыдата, незавязанага з палітычнымі партыямі. І гэта выдатна трапляе ў асноўныя чаканні электарату Шымона Галоўні.

Як на гэта можа адказаць прэзідэнт Анджэй Дуда? Як даведалася газета Rzeczpospolita, не менш за траціну выбарцаў, якія падтрымалі ў першым туры Галоўню, ніколі не прагаласуюць за Рафала Тшаскоўскага. Гэта 800 тысяч чалавек, якія могуць застацца дома або аддаць свой голас за прэзідэнта Дуду. Гэта група выбарцаў асцерагаецца палітычнай нестабільнасць, якую нясе за сабой перамога апазіцыянера, таксама гэтыя людзі задаволеныя вынікамі барацьбы ўрада з эпідэміяй і яе наступствамі. І ў гэтым рэчышчы вялікую ролю адыгрывае прэм’ер Матэвуш Маравецкі, які яшчэ больш зацята агітуе за прэзідэнта. Барацьба за электарат працягваецца, а яе вынік хіба застанецца невядомы да вечара 12 ліпеня. Пра змаганне за галасы Шымона Галоўні пісалі ў штодзённым выданні Rzeczpospolita.

эж