У бліжэйшую нядзелю ў Польшчы адбудзецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Цягам двух апошніх тыдняў кандыдаты на галоўную пасаду ў дзяржаве інтэнсіўна падарожнічаюць па краіне. Яны прэзентуюць свае выбарчыя праграмы, змагаюцца за падтрымку прыхільнікаў і заахвочваюць палякаў удзельнічаць у выбарах.
Нагадваем, у другім туры выбараў возьмуць удзел дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда, якога падтрымлівае ўрадавая партыя „Права й справядлівасць” і кандыдат ад апазіцыйнай „Грамадзянскай кааліцыі”, мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі (Rafał Trzaskowski).
Абодва палітыкі не спыняюць сваіх перадвыбарчых турнэ па краіне.
Падчас сустрэчы з выбаршчыкамі прэзідэнт Анджэй Дуда папрасіў сваіх прыхільнікаў мабілізавацца на другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на высокую яўку ў першым туры, у бліжэйшую нядзелю ў выбарчыя ўчасткі павінна прыйсці яшчэ больш выбаршчыкаў.
- Будзе чарговае галасаванне, і я маю да вас вялікую просьбу. Ідзіце на выбары, не расчаруйце нас. Я прашу Вас, пераканайце ў гэтым таксама іншых: суседзяў, членаў сям’і, сябраў, знаёмых.
Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што прэтэндуе на другі тэрмін, каб сацыяльныя праграмы, уведзеныя за апошнія пяць гадоў, падобным чынам, як і амбіцыйная эканамічная палітыка ўладаў, маглі працягвацца.
Прадстаўнікі выбарчага штабу прэзідэнта Анджэя Дуды падкрэсліваюць, што на прэзідэнцкіх выбарах у нядзелю палякі вырашаць пра мадэль супрацоўніцтва прэзідэнта і ўраду.
Прэс-сакратар штабу Адам Белян (Adam Bielan) адзначыў у TVP Info, што польская Канстытуцыя не раздзяляе выразна паўнамоцтваў прэзідэнта і ўрада. Гэтыя кампетэнцыі перасякаюцца. Акрамя таго, прэзідэнт мае права вета, нагадаў Адам Белян:
- Пра тое, хто будзе кіраваць у Польшчы, мы вырашылі ў кастрычніку, выбіраючы дэпутатаў Сейму і Сенату, якія сфармавалі ўрад. Цяпер, на самой справе, мы будзем выбіраць мадэль супрацоўніцтва паміж прэзідэнтам і ўрадам. Мы вырашым, ці гэтая супраца будзе памяркоўна згоднай. Нагадваю, што прэзідэнт Анджэй Дуда таксама заблакаваў ажно 9 законаў, падрыхтаваных парламентам. Аднак ён ніколі не дзейнічаў паводле прынцыпу „чым горш, тым лепш”.
Адам Белян перасцерагае палякаў перад паралічам дзяржавы ў выпадку перамогі Рафала Тшаскоўскага.
У сваю чаргу падчас сустрэчаў з выбаршчыкамі кандыдат ад „Грамадзянскай кааліцыі” Рафал Тшаскоўскі пераконваў, між іншым, што хоча ўзмацніць ролю паветаў у Польшчы, змагацца з камунікацыйным выключэннем і абараняць настаўнікаў, лекараў і незалежныя СМІ ад неабгрунтаванай агрэсіі.
Рафал Тшаскоўскі таксама абвінаваціў лагер Аб'яднаных правых сілаў у невыкананні праграмных абяцанняў:
- Дзе абяцаныя верталёты, дзе сотні тысяч ці мільёны электрамабіляў, дзе судны і караблі са Шчэцінскай суднаверфі. Спіс гэткіх пытанняў мог бы складаць шмат старонак. Адказу мы не дачакаемся.
Рафал Тшаскоўскі абвінаваціў таксама кіроўную партыю „Права і справядлівасць” у тым, што прэзідэнт Анджэй Дуда не спрабаваў наладзіць дыялог з апазіцыяй.
-У мяне ёсць адвага сказаць, што ПіС прымаў таксама станоўчыя рашэнні. У мяне ёсць таксама адвага сказаць, што хоць я ніколі не галасаваў за Леха Качынскага, то лічу, што ён паважаў Канстытуцыю і змагаўся за вяршэнства закона. Аднак прэзідэнт Анджэй Дуда ніколі не скажа такім чынам пра сваіх палітычных канкурэнтаў.
Рафал Тшаскоўскі таксама абяцаў сваім выбаршчыкам рэформу судовай сістэмы, паляпшэнне становішча жанчын, павышэнне заробкаў, утрыманне сацыяльнай праграмы 500+, падтрымку сямейных сельскіх гаспадарак з бюджэту, аднаўленне праграмаў „Кватэра для маладых” і „Праца для маладых”. Ён абяцаў таксама накласці вета на ўзмацненне жорсткасці закона аб абортах.
Кандыдатам не ўдалося дасягнуць кампрамісу наконт месца і часу правядзення дэбатаў. У выніку кожны з іх прадставіў свае выбарчыя праграмы ў іншым часе і СМІ.
Як паказваюць розныя апытанні грамадскай думкі, розніца ў падтрымцы кандыдатаў невялікая. У гэткай сітуацыі вялікае значэнне мае яўка. Падобным чынам, як і пасля першага тура, улады вырашылі ўзнагародзіць гміны з найвышэйшай яўкай машынамі для мясцовых пажарных камандаў.
Шанец на перамогу маюць муніцыпалітэты да 20 тысяч жыхароў. У агульнай складанасці пажарнікі-добраахвотнікі атрымаюць 49 транспартных сродкаў.
„Бітва за аўтамабілі” - гэта кампанія, якая падтрымлівае выбарчую актыўнасць палякаў, кажа мазавецкі ваявода Канстанты Радзівіл (Konstatny Radziwiłł):
- Акцыя, перш за ўсё, павінна заахвочваць да ўдзелу ў выбарах. З другога боку, яна павінна звярнуць увагу на ролю Добраахвотнай пажарнай службы і падтрымаць пераможныя пажарныя каманды.
Нагадваем, у першым туры прэзідэнцкіх выбараў яўка склала 64,4 працэнта, гэта адзін з найлепшых вынікаў у гісторыі Польшчы.
Перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў уводзяцца пэўныя змены ў арганізацыі галасавання. Некаторыя групы выбаршчыкаў змогуць увайсці ў выбарчы ўчастак па-за чаргой.
Гаворка ідзе пра цяжарных жанчын, бацькоў з дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў, а таксама інвалідаў і людзей старэйшых за 60 гадоў. Такія замены ўводзяць палажэнні, выдадзеныя Міністэрствам аховы здароўя, паведаміў прэс-сакратар ведамства Войцех Андрусевіч (Wojciech Andrusiewicz).
-Змены дазваляюць хутчэй увайсці ў выбарчы ўчастак. Гаворка ідзе пра мужчынаў і жанчынаў з дзецьмі да трох гадоў, цяжарных жанчын, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і асоб, якім больш за 60 гадоў.
Апрача таго, Міністэрства аховы здароўя нагадвае, што падчас другога тура выбараў дзейнічаюць падобныя меры бяспекі, які і падчас першага тура. Перад уваходам у выбарчы ўчастак абавязкова надзець маску, якая закрые нос і рот, дэзынфікаваць рукі, а таксама захоўваць дыстанцыю.
Другі тур прэзідэнцкіх выбараў адбудзецца 12 ліпеня. Нагадваем, у першым туры за Анджэя Дуду прагаласавалі 43,5 працэнта палякаў, а Рафала Траскоўскага падтрымалі 30,46 працэнта выбаршчыкаў. Цяпер у перадвыбарчых апытаннях падтрымка двух кандыдатаў раскладваецца прыкладна па палове.
аз