Беларуская Служба

Кіроўная партыя Польшчы: Анджэй Дуда створыць умовы для паляпшэння гаспадаркі

13.07.2020 14:19
Анджэй Дуда перамог у прэзідэнцкіх выбарах і другі раз узначаліць пасаду кіраўніка краіны.
Аўдыё
  • Кіроўная партыя Польшчы: Анджэй Дуда створыць умовы для паляпшэння гаспадар
     12
Анджэй Дуда на выбарчым вечары 12 чэрвеняPAP/Leszek Szymański

Паводле амаль 100% выбарчых пратаколаў, Анджэй Дуда атрымаў 51,2% галасоў, а Рафал Тшаскоўскі 48,8%. Незалежна ад вынікаў астатніх пратаколаў сітуацыя не зменіцца – паінфармавала Дзяржаўная выбарчая камісія. Розніца ў галасах склала няпоўныя 500 тысяч галасоў.

Намеснік прэс-сакратара кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Радаслаў Фогель гаворыць, што пераабранне прэзідэнта Анджэя Дуды стварае ўмовы для працы над паляпшэннем гаспадарчай сітуацыі ў краіне. Госць Польскага радыё сказаў, што гэта прыярытэтная справа. Палітык нагадаў, што Анджэй Дуда шматразова ў выбарчай кампаніі закранаў гаспадарчыя пытанні:

-Цяпер мы хочам на гэтым засяродзіцца. Таму мы ўжо падчас кампаніі прасілі падтрымку для прэзідэнта Дуды, каб для гэтага былі ўмовы. У першую чаргу мы хочам засяродзіцца на тым, каб вярнуцца да эканамічнай сітуацыя як перад пандэміяй, на змаганні з гаспадарчым запаволеннем, якое выклікана глабальным крызісам. Гэта будуць нашыя прыярытэты.

Віцэ-міністр дзяржаўных актываў і дэпутат «Салідарнай Польшчы» Януш Кавальскі ацэньвае, што аб перамозе Анджэя Дуды вырашылі светапогляды. Ён дадаў, што на цяперашняга прэзідэнта галасавалі жыхары ўсходняй Польшчы, малых гарадоў і вёсак, а да Рафала Тшаскоўскага большы давер мелі жыхары вялікіх гарадоў:

-Ёсць разуменне базы электарату правых сіл. Відаць, што пытанні светапогляду, нязгоды на маральную рэвалюцыю, ЛГБТ, за якімі стаяў Рафал Тшаскоўскі, паўплывалі на перамогу Анджэя Дуды. Гэта азначае, што ў нас ёсць вялікая грамадская згода, каб закончыць рэформу Рэчы Паспалітай. Цяпер важнымі з’яўляюцца рэформы, на якія галасавалі 10 млн палякаў.

Кандыдат апазіцыі Рафал Тшаскоўскі прайграў з невялікім адрывам у няцэлыя 2,5%, Гэта прыкладна 500 тысяч галасоў выбарцаў.

Генеральны сакратар «Грамадзянскай платформы» Марцін Кярвіньскі лічыць, што працэс перабудовы і змен у партыі, распачаты ў студзені, будзе працягвацца. Палітык сказаў, што дзякуючы гэтаму на працягу трох гадоў новая, адроджаная «Грамадзянская платформа» пераможа ў парламенцкіх выбарах. Ён падкрэсліў, што ў зменах будуць удзельнічаць кандыдат на прэзідэнта Рафал Тшаскоўскі і лідар партыі Борыс Будка:

-У першую чаргу Рафал Тшаскоўскі з’яўляецца палітыкам, які гуляў у камандзе. Палітык павінен выкарыстоўваць розныя асабовасці ў палітыцы. Я думаю Рафал Тшаскоўскі і Борыс Будка разам ствараюць вельмі добрую пару на будучыя гады.

Еўрадэпутат «Грамадзяснкай кааліцыі» Анджэй Галіцкі павіншаваў Анджэя Дуду з перамогай. Палітык таксама дадаў, што выбарцы Рафала Тшаскоўскага заслугоўваюць на тое, каб прэзідэнт узяў пад увагу таксама іх чаканні:

-Павінна змяніцца рыторыка і спосаб паводзін лагеру ўлады, у прыватнасці прэзідэнта. Павінна памяняцца рыторыка выключэння многіх грамадскіх груп. Прэзідэнт павінен быць прэзідэнтам усіх палякаў і павінен прадстаўляць нас усіх.

У сваю чаргу былы старшыня «Грамадзянскай платформы» Гжэгаж Схетына ў прыватнай тэлевізіі TVN 24 ацаніў, што бацькам поспеху Анджэя Дуды ў прэзідэнцкіх выбарах з’яўляецца грамадскае тэлебачанне TVP.

Увагі заслугоўвае рэкордная выбарчая яўка – 68%. Сенатар «Права і справядлівасці» Станіслаў Карчэўскі заўважыў, што выбарчая яўка з’яўляецца адной з самых высокіх у гісторыі Польшчы. Ён дадаў, што палякі хочуць стабілізацыі ўнутранай сітуацыі:

-Падобная яўка была ў 1995 годзе. З таго часу не было такой актыўнасці грамадства і святкавання свята дэмакратыі. Гэта была брутальная, жорсткая кампанія, якая стамляе грамадства, яно хоча спакою. Грамадства хоча, каб Польшчай кіравалі ўраўнаважаным чынам.

Пераабраны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўжо атрымаў першыя віншаванні ад еўрапейскіх лідараў. Гэта, між іншым, зрабілі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які таксама запрасіў польскага лідара да сябе, прэзідэнты Венгрыі Віктар Орбан і Літвы Гітанас Наўседа. Літоўскі міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус напісаў, што яго краіне залежыць на тым, каб захаваць ужо дасягнутае. –Я кажу не толькі пра інтэнсіўнасць кантактаў, але таксама пра стратэгічныя праекты, напрыклад, у галіне абароны і бяспекі», – напісала літоўскае МЗС.

ав