Учора ўвечары Дзяржаўная выбарчая камісія абвясціла афіцыйныя вынікі выбараў пасля падліку галасоў з усіх выбарчых акругах. Паводле іх, пераможцам другога тура прэзідэнцкіх выбараў стаў дзейсны прэзідэнт, кандыдат ад кіроўных Аб’яднаных правых сілаў Анджэй Дуда. Ён набраў 51,03 працэнта галасоў.
Кандыдат ад апазіцыйнай „Грамадзянскай кааліцыі” мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі набраў 48,97 працэнта галасоў выбаршчыкаў, то бок на прыкладна 420 тысяч менш, чым Анджэй Дуда. Выбарчая яўка падчас другога тура прэзідэнцкіх выбараў склала 68,18 працэнта.
Старшыня Дзяржаўнай выбарчай камісіі Сільвестар Марціняк (Sylwester Marciniak) заявіў, што гэта рэкорд, калі гаворка ідзе пра прэзідэнцкія выбары ў Польшчы ў XXI стагоддзі.
-Мы дзякуем, перш за ўсё, мільёнам выбаршчыкаў, якія нягледзячы на пандэмію і час вакацыяў пайшлі галасаваць у выбарчыя ўчасткі або адправілі выбарчыя пакеты па пошце.
За рэкордную яўку дзякаваў таксама Анджэй Дуда. Падчас сустрэчы з выбаршчыкамі на поўдні Мазовіі новы-стары прэзідэнт папрасіў узаемнай павагі.
-Я заклікаю да ўзаемнай павагі, незалежна ад таго, ці нам падабаюцца погляды і паводзіны іншых. Гэта вельмі важна. Мы павінны больш паважаць адзін аднаго і ўстрымлівацца ад часта непатрэбных выказванняў.
Супернік Анджэя Дуды ў другім туры выбараў Рафал Тшаскоўскі павіншаваў прэзідэнта з перавыбарам.
-Я віншую прэзідэнта з гэтым вынікам. Адначасова спадзяюся, што, згодна з аб’яцаннямі, другі тэрмін ягоных прэзідэнцкіх паўнамоцтваў будзе іншым. Для яго гэта, перш за ўсё, вялікі шанец вызваліцца ад сваёй палітычнай партыі і не слухаць толькі адной асобы, але голасу ўсіх грамадзянаў.
Кіраўнік Кабінета прэзідэнта Кшыштаф Шчэрскі(Krzysztof Szczerski) заявіў, што напрамкам ва ўнутранай палітыцы пераабранага кіраўніка дзяржавы стане прапанаваная „Кааліцыя па польскіх справах”.
-Прэзідэнт заявіў, што хацеў бы атрымаць значна больш шырокую падтрымку вакол польскіх спраў, чым проста парламенцкая большасць. Гэта неабходнае для ажыццяўлення рэформаў і павышэння ўзроўню грамадскага жыцця. Таму прэзідэнт плануе збудаваць вакол „польскіх спраў” больш шырокую падтрымку парламента. Я перакананы, што гэтая супольнасць вакол канкрэтных польскіх спраў можа быць у парламенце значна шырэйшай, і гэта дасць магчымасць спакойна вырашаць пытанні, важныя для палякаў.
Кшыштаф Шчэрскі паведаміў, што Анджэй Дуда прадставіць змястоўную, палітычную праграму другога тэрміна паўнамоцтваў падчас інаўгурацыйнай прамовы на пачатку жніўня.
-Паводле ранейшых заяваў прэзідэнта, гэта будзе шматбаковы клопат пра польскую сям'ю. Гаворка ідзе як пра матэрыяльную дапамогу, так і пра пэўны грамадскі парадак вакол польскай сям'і. Гаворка ідзе таксама пра пераадоленне пандэміі каранавіруса і эканамічнага крызісу, да якога яна прычынілася. Гэта таксама пытанне належнага медыцынскага і эканамічнага супрацоўніцтва ў межах Польшчы.
Кшыштаф Шчэрскі падкрэсліў, што дзверы Прэзідэнцкага палацу застаюцца адкрытымі i запрашэннем прэзідэнта да супрацы скарыстаюцца ўсе польскія палітычныя сілы.
Намеснік кіраўніка канцылярыі прэзідэнта Павел Муха(Paweł Mucha) заявіў, што кірунак палітыкі, прапанаваны прэзідэнтам, гэта супрацоўніцтва па агульных інтарэсах.
-„Кааліцыя па польскіх спрах” - гэта палітычная прапанова, якая заключаецца ў пошуку шырокай кааліцыі, больш шырокай згоды па справах, якія нас аб'ядноўваюць. Да таго зводзіцца таксама запрашэнне, накіраванае прэзідэнтам да муніцыпалітэтаў. Супольныя інтарэсы будуць брацца пад увагу падчас усіх дзеянняў кіраўніка дзяржавы. Ён будзе рабіць гэта пры дапамозе слоў, дзеянняў, палітычных і заканадаўчых ініцыятыў, таксама ў галіне гістарычнай палітыкі і спосабу выконвання паўнамоцтваў. Прэзідэнт будзе імкнуцца да аб’яднання Польшчы.
Павел Муха таксама заклікаў апазіцыйных палітыкаў паважаць вынікі выбараў і суцішыць эмоцыі.
Палітыкі „Канфедэрацыі”, ад якой на прэзідэнцкіх выбарах балатаваўся Кшыштаф Босак (Krzysztof Bosak), выказалі надзею, што Анджэй Дуда на пасадзе прэзідэнта будзе прадстаўляць шырокую грамадскасць.
Старшыня парламенцкай групы Якуб Кулеша(Jakub Kulesza) заявіў, што на яго думку палякі хацелі б, каб прэзідэнт не залежаў ад ніякай палітычнай фармацыі. Палітык расказаў, як „Канфедэрацыя” бачыць сваё супрацоўніцтва з прэзідэнтам.
-Мы намерваемся шчыра паведамляць прэзідэнту пра нашыя чаканні. Напрыклад, будзем патрабаваць у яго вета ў дачыненні да недапрацаваных законаў, аўтарства кіроўнай партыі „Права й справядлівасць”. Мы спадзяемся, што прэзідэнт будзе ацэньваць гэтыя законы з пункту гледжання ўсяго грамадства, а не кіроўнай партыі.
Намеснік спікера Сейма Пётр Згажэльскі (Piotr Zgorzelski) заявіў, што Польская сялянская партыя гатовая да супрацы з прэзідэнтам. Дэпутат адзначыў, што ў мінулым яго партыя заўсёды адказвала на запрашэнні ў Прэзідэнцкі палац.
-З намі, калі гаворка ідзе пра абмяркоўванне найважнейшых для Польшчы спраў, ніколі не было і не будзе праблемаў. Для нас няма нейкіх перашкодаў паехаць у Прэзідэнцкі палац. У асяроддзя „Польскай кааліцыі”, якая адкрыта ставіцца да польскіх спраў, няма праблемаў сесці за стол перамоваў.
Пётр Згажэльскі дадаў, што яго партыя падтрымала сацыяльную праграму кіроўнай партыі „Сям’я 500 плюс". „Мы ўспрынялі яе, як працяг сямейнай палітыкі, якую старшыня Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz) праводзіў як міністр працы і сацыяльнай палітыкі ва ўрадзе папярэдняй урадавай кааліцыі”, - дадаў Пётр Згажэльскі.
Нагадваем, цырымонія ўручэння рашэння Дзяржаўнай выбарчай камісіі па выніках прэзідэнцкіх выбараў адбудзецца 21 ліпеня ў Каралеўскім замку ў Варшаве.
аз