Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда стаў ахвярай жарту

15.07.2020 15:13
Справу высвятляюць службы бяспекі.
Прэзідэнт Анджэй Дуда стаў ахвярай жартуYoutube

Два расійскія пранкеры Уладзімір Кузняцоў і Аляксей Сталяроў, вядомыя як Вован і Лексус, паведамілі ў сацыяльных сетках, што ім удалося пажартаваць з польскага прэзідэнта. Гэтую інфармацыю пацвердзіў дырэктар прэс-службы Офіса прэзідэнта Марцін Кэндрына (Marcin Kędryna) – чытаем на сайце DoRzeczy.

Пранкеры (з ангельскай мовы жартаўнікі, свавольнікі) падманулі ўжо шматлікіх палітыкаў па ўсім свеце – cярод іх сябра Амерыканскай дэмакратычнай партыі Максін Уотэрс, унук каралевы Лізаветы II – прынц Гары, таксама прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

На гэты раз ахвярай іх жарту стаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які думаў, што размаўляе з генеральным сакратаром ААН Антоніё Гутэрышам.

Кузняцоў і Сталяроў размаўлялі з прэзідэнтам пра тое, як Польшча спраўляецца з эпідэміяй каранавіруса, а таксама пра прэзідэнцкішя выбары, якія прайшлі ў апошнюю нядзелю.

Згодна з апублікаваным запісам размовы, на пытанне, ці могуць расейцы стаць асноўнай крыніцай заражэння ў Польшчы, Дуда адказаў: «У цяперашні час цяжка сказаць. Гэта можа быць Украіна, бо ў нас шмат людзей з Украіны. Так што гэта можа быць і Украіна, але ў нас не надта шмат выпадкаў (каранавіруса – нататка рэдактара), сітуацыя знаходзіцца пад кантролем», – сказаў Дуда.

Інфармацыя ў Youtube выклікала хвалю каментароў, і СМІ некалькі гадзін спрабавалі высветліць, ці сапраўды прэзідэнт Польшчы размаўляў з пранкерамі.

- Я пацвярджаю, што гэтая размова адбылася. Раней суразмоўца паспяхова прайшоў праверку ў пастаянным прадстаўніцтве Польшчы ў ААН. Спецслужбы высвятляюць гэтае пытанне, – пракаментаваў нарэшце ў інтэрв'ю сайту Konkret24 дырэктар прэс-службы канцылярыі прэзідэнта Марцін Кэндрына.

яс