Rzeczpospolita згадвае пра даклад, у якім апісваецца стаўленне расіян да Польшчы і палякаў. Апытанне было праведзена Цэнтрам Левады па замове Цэнтру польска-расійскага дыялогу і паразумення.
Палова расіян мяркуе, што польска-расійскія адносіны дрэнныя або нават варожыя, адна чацвёртая лічыць, што яны нейтральныя, а толькі адна дзясятая кажа, што кантакты сяброўскія. Крыху больш за палову апытаных чула пра падзелы Польшчы, але толькі 6% кажа, што ў іх ёсць шырокія веды на гэтую тэму. Рашучая большасць мяркуе, што далучэнне зямель сённяшняй Літвы, Беларусі, Украіны ці Латвіі да Расіі было правільным рашэннем. Чым яны гэта абгрунтоўваюць? Часцей за ўсё імперскімі матывамі – каб пашырыць межы.
Карціна, якую паказвае даследаванне, прадстаўляе як стан гістарычнай свядомасці расійскага грамадства, так і некаторыя рысы расійскай палітычнай культуры, між іншым адносіны да дапушчальнасці анексіі і палітыкі сілы, а таксама да «агульнарускай» ідэалогіі, якая адмаўляе беларусам ці ўкраінцам у праве называцца народам, – адзначае дырэктар Цэнтру польска-расійскага дыялогу і паразумення Лукаш Адамскі.
Улады Расіі эфектыўна ўмеюць аказваць прэсінг як на ўласнае грамадства, так і міжнародную думку, калі гаворка ідзе пра гіcтарычную палітыку. У якасці прыкладу можна прывесці факт, што ўжо каля 10% расіян, услед за крамлёўскімі ўладамі, мяркуе, што за развязанне Другой сусветнай вайны частку адказнасці нясе Польшча.
нг