Польшча рыхтуецца да выхаду са стамбульскай канвенцыі – заявіла ў эфіры каталіцкага каналу Trwam міністр сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг (Marlena Maląg). Яна сказала: «Мы не дазволім навязваць нам нейкія ідэалагічныя прынцыпы, якія пярэчаць польскай канстытуцыі», - паведамляе на першай старонцы Gаzeta Wyborcza.
У Польшчы хрысціянскія арганізацыі збіраюць подпісы пад грамадзянскім праектам «Так - для сямʼі, не – для гендар». Прэзідэнт Дуда і лідар кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Качыньскі падтрымліваюць гэты напрамак дзейнасці. Акрамя гэтага, крытыкі стамбульскай канвенцыі падкрэсліваюць, што яна зʼяўляецца пагрозай для традыцыі польскай сямʼі.
Канвенцыя Рады Еўропы за 2011 год, названая стамбульскай, абараняе жанчын ад усяго віду гвалту і дыскрымінацыі. Дакументам загадваецца, між іншага, абараняць ахвяр насілля, пераследаваць злачынцаў і процідзейнічаць стэрэатыпам. Таксама ўлады краін-падпісантаў мусяць выдзеліць на гэта грошы.
Канвенцыю ратыфікаваў папярэдні ўрад «Грамадзянскай платформы» і Польскай сялянскай партыі. Цяперашнія ўлады лічаць, што канвенцыя называе рэлігію прычынай гвалту ў дачыненні да жанчын і такім чынам бʼе па польскай традыцыі. Gazeta Wyborcza падкрэслівае, што гэта не так, бо ў дакуменце гаворыцца, што «культура, звычай, рэлігія, традыцыя ці гэтак званы гонар, не могуць быць тлумачэннем актаў насілля».
Да гэтай пары стамбульскую канвенцыю падпісалі 36 дзяржаваў, а ратыфікавалі 16. У Польшчы адным з вынікаў зʼяўляецца закон супраць хатняга гвалту, які ўводзіць прынцып неадкладнай ізаляцыі злачынцы і пашырае паўнамоцтвы паліцыі ў дачыненні да гвалтаўніка.
Абаронцы правоў жанчын перасцерагаюць, што адмова ад стамбульскай канвенцыі зʼяўляецца чарговай спробай пазбавіць жанчын належных ім правоў.
яс