Лідары чалецкіх краін дамовіліся ў справе падзелу бюджэту і фонду адбудовы пасля каранавіруса. Кампраміс удалося дасягнуць на пяты дзень перамоваў у Брусэлі. Бюджэт прыняты на бліжэйшыя сем гадоў.
Амаль трыльён 800 мільярдаў еўра складзе фінансавы пакет для Еўразвязу на бліжэйшыя гады, падчас выхаду з крызісу пасля пандэміі. Лідары чалецкіх краін прынялі бюджэт супольнасці на 2021-2027 гады ў памеры амаль трыльёна еўра і фонд адбудовы памерам 750 мільярдаў еўра.
Кіраўнікі еўразвязаўскіх установаў кажуць пра гістарычны поспех. Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен адзначыла, што лідары «вялі перамовы чатыры доўгія дні і ночы, больш за 90 гадзін, але было варта»:
-Адбудова Еўропы будзе зялёнай. Новы бюджэт узмоцніць Еўрапейскі зялёны лад. Прыспешыць працэс лічбавання еўрапейскай гаспадаркі, – падкрэсліла старшыня камісіі.
Урсула фон дэр Ляен, аднак, прызнала, што падчас перамоваў велічыня некалькіх абшараў, у тым ліку праграм па ахове здароўя, былі абмежаваныя ў выніку канчатковага рашэння.
Перамовы ішлі так доўга, бо настолькі вялікай была розніца паміж краінамі ЕЗ, а падзелу паміж Поўначу і Поўднем не ўдалося ліквідаваць. Галандыя, Данія, Аўстрыя, Швецыя і Фінляндыя хацелі абмежавання выдаткаў. Краіны Поўдня, пераважна Іспанія, Італія, Францыя, Германія, дамагаліся, каб яны былі максімальна высокімі. У выніку кампрамісу з пачатковых прапанаваных паўтрыльёна еўра засталіся 390 мільярдаў еўра, рэшта фонду – 360 мільярдаў еўра – гэта пазыкі. У суме скарачэнні на ўзроўні цэлай супольнасці склалі 22%. Польшча, аднак, страціла, толькі 3%. 125 мільярдаў еўра ў беззваротных датацыях і 34 мільярды еўра пазыкі – столькі атрымае Польшча з Еўразвязу.
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі гаворыць пра поспех Польшчы:
–Гэта сума, якой раней не было. У бягучых цэнах – гэта каля 750 мільярдаў злотых. Гэта будзе выдатны штуршок для развіцця інфраструктуры, сельскай гаспадаркі, энергетычнай трансфармацыі.
Кіраўнік ураду сказаў, што еўразвязаўскі бюджэт утрымлівае карысныя для Польшчы інвестыцыйныя ўмовы ў рамках фонду справядлівай энергетычнай трансфармацыі.
Польскі прэм’ер-міністр падкрэсліў, што Польшча не павінна заяўляць пра энергетычную нейтральнасць да 2050 году:
-За апошнія дні мы дабіліся яшчэ лепшых умоваў, чым Еўракамісія прапанавала на пачатку. Гэта магчымасць выкарыстання адразу 50% сродкаў без адначасовага абавязку рэалізоўваць кліматычныя мэты да 2050 году. То бок гэта падтрыманне нашага рашэння са снежня мінулага году.
На апошнім этапе перамоваў былі змененыя запісы пра залежнасць выплаты грошай ад ацэнкі стану вяршэнства закону. Яны сталі больш размытымі і больш лагоднымі. Прэм’ер Матэвуш Маравецкі пазітыўна ўспрыняў гэты крок:
-З юрыдычнымі службамі было ўзгоднена, што механізм будзе падлягаць праверцы Еўрапейскай рады. А ў Еўрарадзе, як прапісана, павінна быць адзінагалоснасць. Гэта значыць без згоды Венгрыі, Польшчы, згоды Вышаградскай групы нічога не можа стацца.
Польскія палітыкі называюць вынікі саміту ў Брусэлі поспехам прэм’ера Матэвуша Маравецкага. Кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык заўважае, што кіраўнік ураду дасягнуў поспеху ў некалькіх сферах – як фінансаў, так і механізму вяршэнства закону:
-Гэта поспех прэм’ера Матэвуша Маравецкага, які дабіўся гістарычна самай вялікай сумы для Польшчы. Па-другое, удалося заблакаваць шкодную ідэю, каб некаторым краінам блакаваць доступ да сродкаў, выкарыстоўваючы вельмі недакладны аргумент вяршэнства закону. У апошні момант прэм’ер дабіўся большых сродкаў для бяднейшых рэгіёнаў.
Дасягнутае бюджэтнае паразуменне павінен цяпер зацвердзіць Еўрапейскі парламент, дзе, паводле канцлер Германіі Ангелы Меркель, усіх чакае цяжкая дыскусія:
-Зразумела, мы будзем у Еўрапейскім парламенце весці цяжкія размовы, у якіх Германія, як старшыня, будзе адыгрываць важную ролю. Спадзяюся, што нашыя калегі з Еўрапарламенту назіралі, як моцна мы змагаліся за добрае паразуменне.
Паводле канцлер, дасягнуты кампраміс паказаў, што Еўропа ў цяжкіх сітуацыях можа дзейнічаць разам.
ав