Беларуская Служба

Карабахскі канфлікт пагражае дыверсіфікацыі паставак сыравіны ў Еўропу

23.07.2020 11:40
Частка энергетычнай інфраструктуры, задзейнічанай у транспарціроўцы каспійскай нафты і газу на сусветныя рынкі знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад ваенных дзеянняў
Мапа Карабахскага канфліктуFoto: OSW

Віцэ-прэзідэнт Азербайджанскай дзяржаўнай энергетычнай кампаніі SOCAR Эльшад Насіраў заявіў, што частка энергетычнай інфраструктуры, задзейнічанай у транспарціроўцы каспійскай нафты і газу на сусветныя рынкі знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад ваенных дзеянняў, піша польскі партал biznesalert.pl.

Віцэ-прэзідэнт кампаніі SOCAR удакладніў, што гаворка ідзе сярод іншага пра нафтаправоды Баку-Тбілісі-Джэйхан, Баку-Супса, Баку-Тбілісі-Эрзрум ды іншыя абʼекты, якія знаходзяцца паблізу тэрыторыі баявых дзеянняў.

Насіраў заклікаў заходніх палітыкаў звярнуць увагу на тое, наколькі далікатным і нестабільным зʼяўляецца гэты рэгіён, і падумаць аб тым, як абараніць энергазабеспячэнне.

Канфлікт вакол Нагорнага Карабаху працягваецца з канца 1980-х гадоў і мае глыбокую этнічную падаплёку. У цяперашні час паміж дзвюма дзяржавамі дзейнічае перамірʼе, якое раз на некалькі гадоў парушаецца. Апошнія баі разгарэліся 12 ліпеня. У выніку сутыкненняў загінулі па меншай меры 16 салдат з абодвух бакоў. У адрозненне ад папярэдніх сутычак у раёне Нагорнага Карабаху, цяперашнія баі вядуцца непасрэдна на азербайджана-армянскай мяжы на поўнач ад Карабаху, удакладняюць на польскім партале biznesalert.pl.

эж