Беларуская Служба

Турцыя паварочвае ў бок палітычнага ісламу

25.07.2020 10:15
Перайменаванне былога праваслаўнага Сафійскага сабору з Музея Ая-Сафія ў мячець канчаткова прыпячатала парванне Турцыі з мадэллю свецкай дзяржавы.
Hagia Sophia
Hagia SophiaNelson Antoine/shutterstock.com

Перайменаванне былога праваслаўнага Сафійскага сабору з Музея Ая-Сафія ў мячець канчаткова прыпячатала парванне Турцыі з мадэллю свецкай дзяржавы і паварот у бок палітычнага ісламу, – піша Гжэгаж Гурны ў тыднёвіку «Sieci» (Grzegorz Górny «Pożegnanie z Atatturkiem»).

Аўтар прыгадвае, што Сафійскі сабор амаль тысячу гадоў быў духовым цэнтрам праваслаўя, пакуль у 1453 г. візантыйскую сталіцу не захапілі туркі. Тынкоўкай прыкрылі мазаікі, Канстанцінопаль перайменавалі ў Стамбул і зрабілі сталіцай Асманскай імперыі.

І гэтак працягвалася да 1934 г., калі тагачасны прэзідэнт Кемаль Мустафа Атацюрк загадаў ператварыць Сабор у музей. Гэта сімвалічна прыпячатала перавядзенне Турцыі ў свецкую дзяржаву.

10 ліпеня гэтага году Вярхоўны Адміністрацыйны суд адхіліў рашэнне Мустафы Кемаля Атацюрка. Гэтага рашэння нецярпліва чакаў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, які неадкладна выдаў дэкрэт аб перавядзенні славутага візантыйскага архітэктурнага помніка ў мячэць.

Эрдаган рыхтаваўся да гэтага кроку здаўна. Ужо ў 2010 годзе ў Турцыі сталі вяртаць мячэці ў іншых музеях, напрыклад у Нікасіі.

У 2016 годзе па загадзе прэзідэнта Эрдагана ўпершыню за 81 год у Сафійскім саборы пачуўся голас муэдзіна, які заклікаў мусульман на малітву, а 29 мая гэтага году дакладна ва ўгодкі захопу Канстанцінопаля туркаміб у Сафійскім саборы адбылося публічнае чытанне Карану і кінапаказ пра захоп Візантыі Асманскай імперыяй.

На гэтыя дзеянні адрэагавалі нешматлікія краіны – галоўным чынам Грэцыя, грэчаская і расійская праваслаўныя цэрквы. Паводле іх, гэта быў акт варожасці ў адносінах да хрысціянства. Потым далучыліся да крытыкі ЕЗ, ААН і ЗША. У адказ Эрдаган заявіў, што Анкара не мусіць прасіць дазволу на тое, каб рабіць што хоча ў сваёй дзяржаве.

Публіцыст тыднёвіка «Sieci» піша, што Захад не разумее, што Турцыя ў сваёй замежнай палітыцы вяртаецца да рэлігійнай гегемоніі і намерваецца стаць сусветным цэнтрам палітычнага ісламу.

яс